Hoster.by: Пагрозы для працы сайтаў у даменных зонах .бел і .by няма
Усё пра "Справу БелТА"
Нягледзячы на перашкоды з доступам у офіс, кампанія Hoster.by працуе ў штатным рэжыме. Пагрозы для працы сайтаў у даменных зонах .бел і .by няма.
“Раніцай у нас былі складанасці, але мы прынялі ўсе меры вельмі аператыўна. Тэхнічная падтрымка цяпер працуе дыстанцыйна, а ў офісе ёсць дзяжурны. Няма падстаў казаць, што ёсць пагроза для працы сайтаў. Ні адзін наш кліент не ўпаў, скажам так”, — супакойвае Еўрарадыё прэс-сакратарка кампаніі Ольга Кузеева.
Офісы Hoster.by і TUT.by знаходзяцца на адным паверсе бізнес-цэнтра Omega Tower у Мінску. У сувязі з ператрусам у рэдакцыі TUT.by, доступ супрацоўнікаў Hoster.by да працоўных месцаў быў ускладнены. Па словах Кузеевай, у офіс не змаглі трапіць маркетолагі, менеджары, аддзел продажаў.
“Тэхнічная падтрымка працуе 24 на 7”, — запэўнівае прэс-сакратарка.
Раней дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў у “Фэйсбуку”, што СК перашкаджае працы кампаніі:
“Паважаная Юлія Ганчарова [афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта. — Еўрарадыё]! Вы ў курсе, што цяпер СК перашкаджае працы кампаніі Hoster.by, не пускаючы супрацоўнікаў на свае працоўныя месцы? Хто будзе несці адказнасць, калі ўзнікне збой у працы большасці сайтаў у байнэце і/або даменнай зоне?”
Hoster.by — буйны беларускі хостынг-правайдар, адміністратар нацыянальных даменных зон .бел і .by.