Хто стаў першым донарам сэрца ў Беларусі?

Донарскі орган для першай у Беларусі аперацыі па перасадцы сэрца маглі ўзяць не ў таго чалавека, пра якога зараз кажуць дактары. 11 лютага ў 4-м мінскім гарадскім клінічным шпіталі імя Саўчанкі паспяхова прайшла першая ў краіне аперацыя па перасадцы донарскага сэрца. Па афіцыйнай версіі, донарам стаў чалавек, які трапіў у сур’ёзную аўтамабільную аварыю і якога ўжо не было ніякіх шансаў уратаваць. Гэтую ж версію пацвердзіў і загадчык адзелення кардыялогіі гэтага шпіталя Юры Астроўскі.

Юры Астроўскі: “Па-мойму, аўтамабільная катастрофа была”.

У адпаведнасці з законам аб трансплантацыі чалавечых органаў і тканак, у нашай краіне дзейнічае прэзумпцыя згоды на трансплантацыю. Гэта азначае, што калі вы загадзя не напісалі заяву аб нязгодзе на выкарыстанне частак вашага цела для донарскіх аперацый альбо калі вашыя сваякі не выказваюцца катэгарычна супраць гэтага, то медыкі з чыстым сумленнем забяруць вашыя органы на патрэбы медыцыны.

Па словах экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Ісаева, звесткі пра чалавека, які адмовіўся даваць згоду на донарства, заносяцца ў спецыяльную базу:

Уладзімір Ісаеў: “Перад тым як будзе зроблены забор, чалавек будзе пратэставаны на наяўнасць у гэтай базе, дзе запісана, што чалавек супраць. У Беларусі ж, калі чалавек не напіша заяву, ён патэнцыйна згодны на трансплантацыю”.

Мяркуючы па тым, што аперацыя па трансплантацыі сэрца адбылася, заявы аб нязгодзе ў кішэні чалавека, што “патрапіў у аварыю”, не было. Ускосна гэта пацвердзіў і Юры Астроўскі.

Юры Астроўскі: “Дзейнічае закон на аснове прэзумпцыі згоды. Калі ён не выказаў нічога супраць, што ён аддасць свае органы...”

Але як стала вядома Еўрарадыё, чалавек, сэрца якога выкарысталі для трансплантацыі, ні ў якую аварыю не трапляў. Яго ўвогуле з цяжкасцю можна аднесці да “сацыяльна-станоўчай” катэгорыі насельніцтва — на аперацыйны стол патрапіў адзін з мінскіх алкаголікаў.

Пра гэта паведаміў адзін з супрацоўнікаў шпіталя імя Саўчанкі, які настойліва прасіў не называць ягонага імя.

Супрацоўнік: “Ніякай аварыі. Гэта быў просты алкаголік з Мінску. Гэта быў дастаткова малады чалавек з дастаткова захаваным сэрцам, хоць і трошкі ўжо папсаваным. У яго была закрытая чэрапна-мазгавая траўма і смерць галаўнога мозга”.

У гэтым выпадку, кажа медык, ніхто нават не паклапаціўся пра тое, каб паведаміць сваякам пра смерць пацыента і жаданне выкарыстаць яго сэрца дзеля трансплантацыі.

Супрацоўнік: “У нас ёсць законы, той жа закон “Аб трансплантацыі органаў і таканак”, які ўсе гэтыя справы рэгулюе. Ёсць пастанова Міністэрства аховы здароўя №228 ад 6 студзеня гэтага года — аб канстатацыі біялагічнай смерці на падставе смерці галаўнога мозга. У асноўным у донарстве карыстаюцца гэтай пастановай”.

Паводле сусветнай статыстыкі, 25 адсоткаў донарскіх сэрцаў пасля перасадкі проста “не ўключаюцца”. Нягледзячы на гэта, поспех першай аперацыі натхніў медыкаў на абяцанне таго, што яны будуць праводзіць да 20 такіх аперацый у год. Усё пытанне, кажа суразмоўца Еўрарадыё, у наяўнасці донараў.

Супрацоўнік: “У планы ўваходзіць каля 20 перасадак рабіць. Фінансы і сродкі на гэта выдзелілі, лабараторыі пад дыягностыку — усё гэта ёсць. Пытанне ў донарах. Калі будуць, то будуць перасаджваць, калі не — адпаведна, не”.

Тое ж сказаў і загадчык аддзялення кардыялогіі Юры Астроўскі.

Юры Астроўскі: “Колькі будзе падыходзячых донараў, столькі будзе і аперацый”.

Каб выпадкова не стаць донарам, кожны, хто гэтага не жадае, павінен не толькі напісаць заяву “аб нязгодзе”, але і пастаянна мець яе з сабой. На ўсялякі выпадак. Цікава, што ў Еўропе наадварот — чалавеку трэба насіць “згоду” на донарства. Інакш трансплантацыя забаронена.

Але ёсць і іншы аспект: як даведацца праўду пра тое, чыё насамрэч сэрца ці ныркі вам перасадзілі? Бо, напрыклад, імя таго, хто “патрапіў у аварыю” і дапамог беларускай медыцыне здзейсніць прарыў у гэтай сферы, суразмоўца Еўрарадыё параіў нават не спрабаваць даведацца.

Супрацоўнік: “Інфармацыі наконт таго, што гэта за донар, хто ён, ніхто вам, канечне, не дасць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі