Іх норавы: справа Асанжа, каралеўская Барбі і бітва за Елісейскі палац

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Мы ўпэўненыя, што вы ўважліва сочыце за навінамі з Беларусі і Украіны. А каб быць у курсе навін свету, ёсць спецыяльная рубрыка на Еўрарадыё.

У вас ёсць пяць хвілін? Тады чытайце.

 

Справа Асанжа: "Гэта невытлумачальна. Але цягнецца гадамі"

Калі б прапаганда захацела раскрытыкаваць "іх норавы", варта было б пачаць нават не з ролікаў пра тое, як у Еўропе разганяюць пратэстоўцаў, а з кейса Джуліяна Асанжа. Брытанскі суд дазволіў экстрадыцыю стваральніка Wikileaks у ЗША. Вашынгтон міласэрны і абяцае, што не будзе караць яго смерцю.

У гэтым месяцы на фестывалі журналістыкі ў італьянскай Перуджы прадстаўнік Wikileaks Джозэф Фарэл папярэджваў: справа Асанжа — гэта тэст. І калі суд дазволіць экстрадыцыю, будзе створаны прэцэдэнт:

— Калі будзе створаны прэцэдэнт, вас змогуць экстрадаваць у любую краіну, якой не спадабаецца нешта, што вы пра яе пішаце.

Гэта аўстралійскі журналіст, які займаўся журналістыкай у Еўропе, і ЗША папрасілі выдаць яго на запыт аб шпіянажы. Гэта невытлумачальна, але гэта цягнецца год за годам.

Тут можна паглядзець поўнае відэа дыскусіі на англійскай мове

Італьянская журналістка-расследавальніца Стафанія Маўрыцы не цырымоніцца з тымі, хто ўжо 12 гадоў патрабуе галаву Асанжа.

— Кожны з нас стане мэтай, — кажа яна журналістам. — Яны пачнуць з яго, а наступнымі будуць журналісты, якія працуюць з Wikileaks, а потым мы, журналісты мэйнстрыму. Усе мы. І ўсе журналісты, якія захочуць раскрыць іх брудныя сакрэты. Проста таму, што яны не хочуць гэтага.

Гэтыя калектыўныя "яны" ўсё бліжэй да таго, каб атрымаць Асанжа. Цяпер рашэнне брытанскага суда павінен ухваліць — або не — кіраўнік брытанскага МУС. І ў Асанжа будзе шанц аспрэчыць рашэнне міністра ў Вярхоўным судзе.

Кейс Асанжа настолькі невытлумачальны, што немінуча абудзіць у прапагандзе найлепшыя пачуцці. Вось убачыце: у выніковым выпуску навін дакладна будуць заклікаць да справядлівасці. Мы толькі просім не забыць дадаць да гэтага справядлівага закліку, што ў Беларусі за кратамі застаюцца 25 прадстаўнікоў медыя.

 

Калі 70 гадоў на чале краіны — гэта прыгожа

Брытанская каралева Лізавета на гэтым тыдні адсвяткавала 96-гадовы юбілей. І кампанія Mattel у каралеўскі дзень нараджэння выпусціла ляльку Барбі, у якой ну проста немагчыма не пазнаць брытанскага манарха, піша Esquire.

Самая каралеўская Барбі

На "Барбі" — сукенка колеру слановай косці, блакітная стужка і тыяра, якую Лізавета надзявала на вяселле з прынцам Філіпам.

Часам 70 гадоў на чале дзяржавы — гэта прыгожа.

 

Чый палац?

Бітва за Елісейскі палац падыходзіць да канца. Фінал ужо ў гэтую нядзелю.

У французаў магчымае лёгкае дэжавю: у 2017 годзе ў другі тур выбараў таксама выйшлі Эмануэль Макрон і Марын Ле Пен. Тады пасля дэбатаў Ле Пен папракалі ў залішняй эмацыйнасці і непадрыхтаванасці. Гэтым разам старых памылак яна пазбегла, піша ВВС.

На гэтым тыдні кандыдаты першы і апошні раз за гэтую кампанію сустрэліся на дэбатах.

Вайна ва Украіне турбуе больш за 90% французаў, кажуць апытанні. Так што ў часе дэбатаў гаварылі, вядома, і пра Расію. Спробы Макрона дапамагчы ў вырашэнні канфлікту, яго доўгія, як той самы стол, тэлефонныя размовы з Уладзімірам Пуціным уплываюць на рэйтынг дзейнага прэзідэнта.

Их нравы: дело Ассанжа, королевская Барби и битва за Елисейский дворец
За каго прагаласуюць французы? / actu.fr

Гэтаксама як і даўнія, але памятныя выказванні яго апаненткі. Так, тэма Крыма пераследуе не толькі кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Ле Пен напярэдадні выбараў 2017 года казала, што жыхары Крыма сказалі пра свае жаданні на рэферэндуме. І пажадалі яны далучэння да Расіі. Макрон, вядома, ёй гэта прыгадаў.

На дэбатах гаварылі не толькі пра свет, але і пра Францыю. І значная частка спрэчак была прысвечана рэзкаму росту цэн.

CNN піша, што французы ў першым туры галасуюць сэрцам, а ў другім — галавой. Гэта значыць, што ў першым туры яны выбіраюць ідэальнага кандыдата, а потым — меншае з двух ліх. На халодны французскі разлік паглядзім у нядзелю.

"Урэшце, выбары могуць проста звесціся да таго, які кандыдат Францыі менш за ўсё не падабаецца: прэзідэнт, якога многія лічаць элітарным і адарваным ад свету, або прэтэндэнт, найбольш вядомы сваёй рыторыкай пра іслам і падтрымкай аўтарытарных рэжымаў",піша CNN.

 

"Фэйк-ньюс" з Тайваня

Сіньбэй на Тайвані зазнаў ракетны абстрэл камуністычнага войска Кітая, порт Тайбэя ўзарваўся, аб'екты і караблі былі пашкоджаныя. На самай справе не, але такі бягучы радок паказалі на тайваньскім тэлебачанні.

Украіна знаходзіцца за паўсвету ад Тайваня. Але з моманту нападу Расіі на Тайвані пануюць больш чым трывожныя настроі. Міністэрства абароны нядаўна выпусціла інструкцыю, у якой людзям тлумачаць парадак дзеянняў у выпадку ваеннага канфлікту. Востраў жыве ў чаканні нападу КНР. І тут — такія навіны ў ранішнім выпуску.

Кітай кажа, што яго адносіны з Тайванем — гэта іншае, і няма чаго тут параўноўваць.

Што ж да фальшывай навіны, на тэлеканале растлумачылі, што гэтыя паведамленні збіраліся выкарыстоўваць у часе вучэнняў пажарнай службы, іх ніхто не павінен быў убачыць. Тэлеканал, само сабой, папрасіў прабачэння.

Навіну падхапілі сацсеткі, а вось паскардзіліся за развядзенне панікі толькі 10 гледачоў. Здаецца, мы яшчэ доўга не зможам гаварыць фразу "давайце не будзем нагнятаць".

 

Хуан прыйшоў дадому

Любімы горад можа прачынацца: спаць спакойна ў італьянскім Ракараза ўжо не выйдзе, Хуан вярнуўся на вуліцы. Хто такі Хуан?

Хуан Карыта любіў шпацыраваць па вуліцах італьянскага гарадка Ракараза. Ён жыў нармальным свецкім жыццём: даядаў піцу са смеццевых бакаў, піў ваду з фантанаў. Не здзіўляйцеся, Хуан — буры мядзведзь.

Усё ішло добра, пакуль аднойчы Хуан не ўварваўся ў пякарню і не з'еў там усё печыва. Жыхары абурыліся. Мядзведзя злавілі і павезлі ў аддалены куток нацыянальнага парку Маела, піша Esquire.

Прайшло 18 дзён. Хуан пераадолеў 160 кіламетраў. І вярнуўся ў Ракараза.

Італьянскае аддзяленне Фонду дзікай прыроды незадаволенае: маўляў, мядзведзь не павінен жыць у такіх умовах. Але частка жыхароў горада лічаць Хуана паўнапраўным гараджанінам і нават сабралі больш за 2 тысячы подпісаў за яго вяртанне. У петыцыі сцвярджалася, што камуна лічыць Хуана "адным з нас".

Калі ў гэтую пятніцу вы асабліва засумавалі па доме, хай гісторыя Хуана вас падбадзёрыць. Хуан змог вярнуцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі