Імітацыя дэмакратыі не такая кепская, часам гэтая маска прырастае да твару

Кіраўнік дыпламатыі ЕС Хаўер Салана сам пазваніў прэзідэнту Беларусі, каб абмеркаваць з беларускім лідэрам сітуацыю з выбарамі. Ці не навуковая фантастыка? Мінск ужо прадчувае, што наступны званок Саланы будзе ў панядзелак – з віншаваннямі.
“Еўрарадыё” вырашыла спытаць экспертаў, пра што сведчаць еўра-беларускія перамовы на такім высокім узроўні ў палітолагаў Андрэя Фёдарава і Святланы Навумавай.

Андрэй Фёдараў: - Гэта не зусім першая размова такога кшталту, некалькі гадоў таму перад чарговымі выбарамі такія размовы адбываліся. Галоўнае, гэта сведчыць пра тое, што Еўрасаюз вельмі зацікаўлены, каб выбары прайшлі больш-менш прыстойна, каб можна было неяк наладзіць адносіны. На мой погляд, Брусэль вельмі непакоіць сённяшняя палітыка Расіі, якая ажыццяўляе вельмі моцны ціск на суседзяў, у тым ліку на Беларусь.

- “Газэта Выборча” піша, што Брусель жадае, каб у парламент прайшлі прынамсі 20 апазіцыянераў”. Як Вы лічыце, такія перамовы вядуцца?


Андрэй Фёдараў: - Я не ўпэўнены, што Еўрасаюз можна пэўныя лічбы мець на ўвазе. Наўрад ці вядуцца перамовы аб колькасным складзе. Больш, на маю думку, цікавіць тое, як пройдуць гэтыя выбары. Адносныя, невялічкія зрухі мелі месца, але шмат хібаў засталося. Мне падаецца, Еўрасаюз настроены пазітыўна, таму можа заплюшчыць вочы, калі не будзе ну зусім вялікіх парушэнняў.

- Шэраг экспертаў сцвярджаюць, што Беларусь мае ці не апошні геапалітычны шанец далучыцца да Еўропы. Потым гэтае вакно закрыецца?


Андрэй Фёдараў: - Не так катэгарычна, але, безумоўна, вельмі пагоршацца абставіны. Дыялог з Захадам будзе працягвацца, але на значна больш нізкім узроўні і са значна меншай інтэнсіўнасцю. Унутрыпалітычная абстаноўка вельмі пагоршыцца, гэта безумоўна. Беларусь не атрымае падтрымкі Захаду, і гэта будзе спрыяць яе далучэнню да усходніх кааліцыяў, у першую чаргу з Расіяй. І Расія выкарыстае гэты момант на 100%.

Выкладчыца ЕГУ, палітолаг Святлана Навумава кажа, што калі выбары будуць ісці ў тым самым стылі, Еўропе будзе за што ўчапіцца, каб іх прызнаць.

Святлана Навумава:
- Слова “прыстойныя” выбары – тут самае тое слова. Я не хачу сказаць, што гэтыя выбары дэмакратычныя. Яны, натуральна, недэмакратычныя. Але яны дэманструюць большы дэмакратызм улады. Хай лепей дэманстрацыя: меней садзяць і меней б’юць. Імітацыя не такая кепская, бо часам маска імітатара прырастае да твару.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі