Ірына Казуліна: “І я кажу: слухай, Казулін, не прайшло і 30 гадоў,


як ты стаў узгадваць нашыя значныя даты"

2007-11-27 18:03:27, Кацярына Буланава

Еўрарадыё пагаварыла з жонкай Аляксандра Казуліна Ірынай адразу пасля іх спаткання у турме. Экс-кандыдат у прэзідэнты адбывае за кратамі тэрмін у пяць з паловай гадоў. Сям’і Аляксандра дазволілі спатканне з ім у дзень яго нараджэння і вяселля. Ірына распавядае пра тое, як яны бралі з сабой унука Уладзіка, які спачатку не хацеў ехаць, а потым не хацеў з’язджаць ад дзядулі; пра тое, што Аляксандру пішуць лісты нават з Галандыі; пра тое, што ён узгадвае ў турме пра першае спатканне. - Калі толькі стала вядома, што на дзень яго нараджэння нам дазволілі сустрэчу, гэта недзе за месяц, мы прыдумалі зрабіць для Аляксандра фільм. Гэта фотаздымкі, дадаецца музыка, вершы, тэксты. Мы падрыхтавалі вельмі шмат фотаздымкаў. І я загадзя папрасіла бацькоў, яго сястру, брата – і сабрала ўсе старыя фотаздымкі, дзе Аляксандра дзяцінства… Знайшла фотаздымкі з сабой, якіх я нават не бачыла. Пра нашае юнацтва. Мы адвезлі і перадалі гэта, канешне, Аляксандр пакуль яшчэ не глядзеў, але, можа, ужо сёння. Я вельмі спадзяюся, што яму перададуць гэты дыск, бо спачатку ж цэнзура глядзіць. Мы таму не ўстаўлялі туды ніякіх фотаздымкаў ні з мітынгаў, ні за кратамі, каб гэты фільм да яго гарантавана дайшоў.

- Пра што з мінулага ўзгадваў Аляксандр?

- Мы сустрэліся ў Сашаў дзень нараджэння, але гэта і дзень нашага вяселля, і дзень нашага знаёмства, фактычна. З дня вяселля прайшло ўжо 29 гадоў, са знаёмства – трыццаць. Ён падарыў мне дзве паштоўкі з пяшчотнымі прыгожымі словамі, і там ён таксама ўзгадаў, што пазнаёміліся мы роўна трыццаць гадоў таму, ён тады запрасіў мяне на свой дзень нараджэння. І я кажу: слухай, Казулін, не прайшло і трыццаці гадоў, як ты стаў узгадваць нейкія нашыя даты значныя, раней ты ніколі пра гэта не казаў. Ён смяецца, кажа, што тут ёсць час усё абдумаць, усё асэнсаваць, усё ўзгадаць… Аляксандр распавядаў падрабязнасці з мінулага дзецям, і мяне гэта вельмі сагрэла. Часта кажуць, што гэта жанчыны помняць усе падрабязнасці, ну а мужчыны ўсю гэтую лірыку забываюць. Мне было вельмі прыемна, што ён на яе не забыўся. І прытым гэта агучыў менавіта для дзяўчынак.

- Вы ўзялі з сабой унука Уладзіслава, якія ў яго ўражанні?

- З Уладзіславам было пытанне. Волечка вельмі хацела, каб ён паехаў да дзеда, каб ён на дзеда не забыўся. А ва Уладзіслава ўражанні ад турмы непрыемныя, бо мы яго вазілі ў Жодзіна і на “Валадарку” на кароткатэрміновыя спатканні. І там гэтыя вузенькія лавачкі, маленькія кабіначкі, там не было дзе прысесці, прылегчы… І калі мы казалі яму, што на тры дні едзем, ён казаў: не! Я не хачу ў турму на тры дні! Дзеці неяк так злаваліся на яго: як, ты што, да дзядулі не хочаш? Але што ведае Уладзіслаў пра турму? Толькі тое, што бачыў. Таму мы вырашылі, што ён у першы дзень не паедзе, а паедзе на другі са мной і потым вернецца назад. Але калі ўжо справа падышла да самога візіту, менавіта Волечка настояла, каб ён паехаў. І вырашылі, што гэта адначасова будзе і сюрпрыз. Калі іх запусцілі ўжо ў пакой спатканняў, і вось павінен прыйсці ўжо бацька, яны Улада схавалі за фіранку, каб ён потым выскачыў такім сюрпрызікам. Калі Аляксандр прыйшоў, абняў дзяўчат, і ўнук выскачыў, то дзяўчаты пабачылі, што Аляксандр не здзіўлены. Яны пытаюцца, што гэта такое. А ён кажа: мне ўжо перадалі, што прыйшлі дзеці і ўнук! То бок другога сюрпрызу не атрымалася, нас апярэдзілі.

- І як дзіцяці, складана яму было на гэты раз ці не?

- Уладзіслаў там так прыжыўся, так “закантачыў” з дзядулем, што не захацеў са мной з’язджаць. Сказаў, што застанецца там, яму там падабаецца, там як дома. А мы для Улада ўзялі канструктар з сабой і потым так усё аформілі, нібыта дзядуля гэта яму падарыў. І яму вельмі спадабалася, якраз канструктар аказаўся вельмі ўдалым, і ён яго складаў там, раскладаў, будаваў самалёты, аэрапланы… І дзядуля радаваўся: гэты канструктар для дзяцей 7-9 гадоў, а дзіцё ў 6 гадоў склала ўсё!

- Як вы з ім сустрэліся?

- Адбываюцца нейкія дзіўныя рэчы. Перад спатканнем я думала: як я даўно яго не бачыла! Як даўно не была побач, не абдымала. Такое адчуванне, што я нават не магу ўзгадаць, калі мы былі разам. Нібыта гэта было даўным-даўно, невядома калі. Але калі я прыехала туды, і мы ўсе разам сабраліся, і мяне, канешне, трымаюць на руках… І Аляксандр кажа: вось так я і думаў, вось ты прыедзеш, і я цябе не выпушчу з рук, так і буду трымаць. І ў мяне была такая ж думка, што я буду так у цябе ўвесь час на каленках, на руках. І лаўлю сябе на адчуванні, што я ўжо не памятаю, як я была без яго, што гэта была нейкая недарэчнасць. Адчуванне, што гэта заўсёды так, заўсёды побач. Нейкія такія асаблівасці псіхікі, што за суткі вось так змяняецца ўспрыняцце. Калі ты побач, здаецца, што гэта заўсёды было так. А калі ты пазбаўленая зносін са сваім любімым чалавекам, уражанне, што гэта вечна ты яго пазбаўленая.

- Ці змяніўся Аляксандр?

- Не, ён такі ж, як быў, ён абсалютна не змяніўся. Не, канешне, зморшчынак болей стала, болей навісла гэтых мяшэчкаў пад вачамі, але гэта без сумневаў: хто ж там стане лепшым за гэты час? Я таксама не стала лепшай за гэты час. Але я не адчула ніякіх зменаў. Проста адчуванне такое, што мы паехалі кудысьці, можа быць, адпачываць. Вось так усёй сям’ёй, тым больш, што Уладушка з намі. Гэта быў увогуле цуд. Адчуванне свабоды і ранейшага жыцця. Таму Аляксандр і кажа, што гэта проста жудасна – ісці са спаткання. Такая вялікая розніца між тым, як цудоўна з вамі, і тым холадам, шэрасцю, абыякавасцю, жорсткасцю, калі прыходзіш туды. Калі прачынаешся раніцай і думаеш, хутчэй бы прайшоў гэты дзень. Кажа, што разумее, што гэта ж жыццё яго праходзіць так.

- Людзі перадавалі вам свае пытанні…

- Вельмі шмат пытанняў тычыліся таго, ці атрымлівае ён чыесьці лісты. Напрыклад, брат Аляксандра, Уладзімір, кажа, што адправіў яму два лісты, а адказу няма. Другі наш прыяцель сказаў, што пасылаў чатыры лісты. І Аляксандр таксама сказаў, што ніводнага не атрымаў. То бок як толькі лісты адсылаюцца простым чынам, без уведамленняў, атрымліваецца, яны не даходзяць. Таму ўсе, хто піша лісты, пасылайце іх з уведамленнем. Бо тады ўжо пошта будзе перашкаджаць таму, каб лісты згубіліся. Прынамсі, ён будзе ведаць, хто яму піша.

- А шмат лістоў да яго ўсё ж даходзяць? Хто яму піша?

- Распавёў, што вельмі шмат пішуць, асабліва апошнім часам, з Амерыкі і “Амністыя Інтэрнэшнл”. Я з імі ў кантакце, распавядаю ім апошнія навіны, яны час ад часу праводзяць акцыі. Кажа, дзеці дасылаюць малюнкі. І проста лісты людзі пішуць. Я пытаю: і што, на англійскай мове прапускаюць? Так, кажа, там такі шквал лістоў ішоў. З Галандыі таксама пішуць. Людзі падтрымліваюць яго.

- А ці распавядаў Аляксандр нейкія новыя падрабязнасці пра сваё жыццё ў турме?

- Ну, усе падрабязнасці там вельмі сумныя. Кажа, цяжка глядзець вельмі, як народ проста дэградуе ў калоніі. Займацца няма чым. Вось кнігі бяруць чытаць. Хаця кажа, пры жаданні тут можна было б шмат усяго зрабіць – можа, нейкае навучанне нейкім новым прафесіям, хаця б проста лекцыі… Проста каб заняць гэты ўвесь час. Ён расказаў, што прачытаў у газеце даследаванне, як у адной з калоній, здаецца, расійскіх, дазволілі спатканні з роднымі часцей, чым раз на чатыры месяцы. І ў гэтай калоніі адразу заўважна наладзіліся справы зняволеных. То бок вельмі шмат абмежаванняў, якія толькі псуюць людзей, нікому яны не патрэбныя. У мяне ёсць думка, што трэба арганізаваць камітэт зняволеных, і трэба размаўляць з МУС, з гэтай сістэмай. Чаму ў нас такія жорсткія правілы? Чаму яны так рэдка бачацца са сваімі сваякамі? Чаму нельга прадаваць у кіёску крыху больш прадуктаў? Людзі хочуць набыць там кетчуп, маянэз, каб неяк “заправіць” тую ежу, прэсную, нясмачную. Чаму ім гэта нельга, ну чаму? Людзі пазбаўленыя волі, і гэта ўжо вялікае пакаранне.

- А чаго, акрамя сям’і, яму там больш за ўсё не хапае?

- Ён кажа, што самае галоўнае, чаго яму там не хапае – гэта інфармацыі. Мы выпісваем яму газеты – “Советскую Белоруссию”, “Рэспубліку”, “Камсамольскую правду” , “Аргументы и факты”, вось былі “Коммерсантъ” і “Известия”, але “Коммерсантъ” увогуле ж цяпер забаронены. А гэтыя газеты… Прапаганда прапагандай, але ён між радкоў усё гэта бачыць і разумее, ён аналітык вельмі моцны. Ён умее чытаць газеты. Яму патрэбная інфармацыя, і ён разумее, што пішацца, навошта і што будзе далей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі