“Іслач” атрымала паразу ад “Слуцка”

“Іслач” атрымала паразу ад “Слуцка”

Футбольны клуб “Іслач” атрымаў паразу ад “Слуцка” ў матчы 11 тура чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. Гульня праходзіла 3 чэрвеня на стадыёне ФК “Мінск”. У першым тайме камандзе “прыстрэльваліся”, аднак лік заставаўся нулявым. У пачатку другой паловы гульні на 46-й хвіліне “ваўкі” нарэшце адкрылі лік голам Рынара Валеева — і праз дзве хвіліны атрымалі мяч у адказ (Аляксандр Яцкевіч).

Лік стаў 1:1 і так трымаўся амаль да канца гульні. “Слуцк”, які сёлета ўпэўнена трымаецца ў верхняй шасцёрцы турнірнай табліцы, яўна не пажадаў мірыцца з нічыёй з камандай-аўтсайдэрам і на 84-й хвіліне выйшаў наперад, дзякуючы Віталю Рушніцкаму. Такім чынам, лік стаў 1:2 і “Іслач” зноў саступіла.

Пасля 11 тураў чэмпіянату “ваўкі” ўсё яшчэ маюць -1 ачко і застаюцца кандыдатамі на вылет з вышэйшай лігі.

Сёння, 3 чэрвеня ў рамках 11 тура таксама гуляюць  “Гарадзея” і “Крумкачы”, “Гомель” і “Нёман”.

4 чэрвеня пройдуць наступныя матчы: “Мінск” — “Тарпеда-БелАЗ”, “Славія” — “Дынама” (Мінск), “Шахцёр” — “Віцебск”, “Дынама” (Брэст) — “Нафтан”, БАТЭ — “Дняпро”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі