Іспыт па беларускай мове — самы папулярны ў Польшчы сярод нацменшасцяў
У тэсце пачатковага ўзроўню выпускнікі адказваюць на пытанні па публіцыстычным тэксце пра таблоіды і пішуць сачыненне па вершы Купалы.
16 траўня ў Польшчы прайшлі іспыты для сёлетніх абітурыентаў па мовах нацыянальных меншасцяў. Для вучняў школ для нацыянальных меншасцяў пісьмовы тэст па гэтым прадмеце абавязковы. Акрамя гэтага кожны вучань мусіць здаць польскую мову, сучасную замежную мову і матэматыку. Польская “матура” – гэта адначасова выпускны іспыт і іспыт на паступленне ў ВНУ, нешта кшталту ЦТ, але дадатковай магчымасці здаваць іспыты ў школе, каб палепшыць атэстат, польскія вучні не маюць.
Іспыт па беларускай мове стаў самым папулярным у параўнанні з іншымі мовамі нацыянальных меншасцяў. Яго здавалі 233 вучні, для параўнання украінскую мову здавалі 90 чалавек, а літоўскую 31, піша партал tvn24.pl.
А вось на паглыбленым узроўні здаваць беларускую вырашылі ўсяго 16 чалавек. Наперадзе ў выпускнікоў таксама вусны экзамен.
У межах іспыту па беларускай мове вучні адказвалі на пытанні па публіцыстычным тэксце Дарыюша Шчэпаньчыка пра таблоіды. Тэкст быў размешчаны ў часопісе “Arche" ў 2010 годзе. Таксама трэба было напісаць сачыненне на адну з тэмаў – або па вершы Янкі Купалы “Не шукай”, або па фрагменце твору “Споведзь” Ларысы Геніюш.
Фота: naszemiasto.pl