Іспыты ў выпускнікоў 9-х і 11-х класаў будуць прымаць "чужыя" настаўнікі

Іспыты ў выпускнікоў 9-х і 11-х класаў будуць прымаць "чужыя" настаўнікі

Беларускую школу бліжэйшымі гадамі чакае мноства істотных зменаў. Пра гэта заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1". Гутарка была паказаная ўвечары 23 кастрычніка.

Па словах Жураўкова, для выпускнікоў дзявятых і адзінаццатых класаў рыхтуецца "незалежны іспыт". Яго плануецца ўвесці прыкладна ў 2020-2021 годзе. Пры новай форме іспыту прымаць яго будуць не настаўнікі той школы, дзе вучацца дзеці, а камісіі з іншых школаў і вышэйшых навучальных установаў. Міністр патлумачыў гэтае новаўвядзенне неабходнасцю атрымоўваць больш аб'ектыўныя адзнакі.

Дарэчы, гэта не адзінае новаўвядзенне па іспытах. Міністр паведаміў, што плануецца прыйсці да нацыянальнага іспыту па чатырох прадметах. Базай для гэтага іспыту будзе цэнтралізаванае тэставанне з некалькіх частак. Першая частка — іспыт за школьны курс навучання, другая — іспыт для паступлення ў ВНУ. Прычым у другой частцы будуць асобныя вусныя іспыты, якія кожная навучальная ўстанова будзе праводзіць у адпаведнасці са сваёй спецыфікай. Па словах Жураўкова, для філалагічных спецыяльнасцяў гэта можа быць сачыненне або пераказ, для замежных моваў — сумоўе.

Акрамя таго, да 2021 года плануецца цалкам перавесці школы на профільнае навучанне. Жураўкоў заявіў, што дзеці пачнуць рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэты ўжо з пятага-шостага класа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі