Ізраіль заклікаў жыхароў поўначы сектара Газа выехаць на поўдзень анклава
Сектар Газа
Ізраіль заклікаў жыхароў поўначы сектара Газа выехаць на поўдзень анклава "для забеспячэння сваёй бяспекі". У ААН заявілі, што на гэта яны атрымалі 24 гадзіны. У гэтым раёне знаходзіцца горад Газа, агулам там жыве больш за мільён чалавек.
ААН "рашуча заклікае адмяніць любы падобны загад, калі ён будзе пацверджаны, каб пазбегнуць ператварэння і без таго трагічнай сітуацыі ў катастрафічную". Ізраіль афіцыйна пацвердзіў гэты загад. Армія абароны Ізраіля заявіла, што заклікала ўсіх жыхароў горада Газа эвакуявацца са сваіх дамоў і накіравацца на поўдзень.
У ААН лічаць немагчымым, "каб такое перамяшчэнне адбывалася без разбуральных гуманітарных наступстваў". "Рэакцыя ААН на ранняе папярэджанне Ізраіля жыхарам Газы ганебная! — заявіў пастаянны прадстаўнік Ізраіля ў ААН Гілад Эрдан. — На працягу многіх гадоў ААН заплюшчвала вочы на ўзбраенне ХАМАС і выкарыстанне грамадзянскага насельніцтва і грамадзянскай інфраструктуры сектара Газа ў якасці сховішча для зброі і забойстваў. Цяпер, замест таго каб стаць на бок Ізраіля, чые грамадзяне былі забітыя тэрарыстамі ХАМАС, і які імкнецца мінімізаваць шкоду для тых, хто ў гэтым не ўдзельнічае, яна чытае пропаведзі Ізраілю".
Мяркуецца, што пасля авіяўдараў па аб'ектах ХАМАС у сектары Газа Армія абароны Ізраіля рыхтуецца ў бліжэйшы час пачаць наземны наступ. Артылерыя, танкі і вайскоўцы ўжо знаходзяцца на пазіцыях.
ХАМАС заклікаў жыхароў Газы не пакідаць свае дамы. Па даных ААН, іх пакінулі ўжо 423 тысячы чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.