Колькасць легалізаваных у Польшчы беларусаў за паўгода вырасла яшчэ на 10%
Польскі сцяг, ілюстрацыйнае фота
У Польшчы на канец траўня дазволы на пражыванне ў краіне мелі 131 318 грамадзян Беларусі. Гэта на 10% больш, чым было на канец 2023 года, падлічыў рэсурс "Позірк". Паўгода таму права жыць у Польшчы мела каля 119 000 беларусаў. А летам 2020-га іх было ўсяго 28 000. То0бок з таго часу іх колькасць павялічылася ў 4,7 разу.
На 31 траўня 2024 года часовы від на жыхарства мелі 79 149 грамадзян Беларусі, пастаянны — 41 886, дадатковую абарону — 7495, карту рэзідэнта ЕС — 1331, часовую абарону — 629, статус бежанца — 670 грамадзян РБ. З пачатку гэтага года прынята 24 214 заяваў на легалізацыю.
"Пераважная большасць беларусаў атрымлівае часовы від на жыхарства, звязаны з працай — 58%. З іншых абставінаў — 24%, [у сувязі] з уз'яднаннем сям'і — 16%, з прычыны навучання — толькі 2%", — пішуць у супольнасці "Беларусы ў Польшчы". Больш за ўсё легалізаваных беларусаў — каля 48 000 — жыве ў Мазавецкім ваяводстве. У асноўным гэта моладзь ва ўзросце 18-34 гадоў. Паводле гендару: мужчыны — 58%, жанчыны — 42%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.