Кабякоў абяцае павысіць заробкі некаторым катэгорыям бюджэтнікаў
Бліжэйшым часам урад разгледзіць прапановы па заробку для некаторых катэгорый бюджэтнікаў. Пра гэта прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, перадае БЕЛТА.
"Асноўныя рашэнні па заработнай плаце ў дзяржсектары прынятыя. Павялічаная стаўка першага тарыфнага разраду бюджэтнікам, выраслі заробкі ў дзяржслужбоўцаў, ваеннаслужачых. Па нізкааплатных катэгорыях работнікаў бюджэтнай сферы — дадаткова разгледзім у бліжэйшы час", — паабцяаў кіраўнік урада.
Ён звярнуў увагу, што рост заробкаў у рэальным сектары павінен забяспечвацца толькі ростам прадукцыйнасці працы.
Рэальны заробак у Беларусі за 8 месяцаў 2017 года перавысіла ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года на 3,2%. Гэта адпавядае росту прадукцыйнасці працы па ВУП (103,2%). Амаль дасягнуты ўзровень 2016 года па росце рэальных даходаў насельніцтва (99,9% за 8 месяцаў 2017 года).
Таксама Кабякоў паведаміў, што Аляксандру Лукашэнку перададзеная прапанова пра павышэнне пенсій паводле ўзросту.