Кабякоў: Сітуацыя ў эканоміцы няпростая
Але тэмпы росту ВУП усё адно вышэйшыя, чым у суседзяў, кажа кіраўнік урада.
22 студзеня Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова. Як перадае БЕЛТА, кіраўнік Беларусі звярнуў увагу Кабякова на неабходнасць адыходу ад кабінетнага стылю працы і канцэнтрацыі на матэрыяльнай вытворчасці і нарошчванні экспарту.
Прэм'ер-міністр паведаміў пра папярэднія вынікі работы эканомікі ў 2014 годзе. Паводле яго слоў, тэмп росту ВУП склаў 101,6%. Кабякоў зазначыў, што гэта менш, чым прагназавалася (103,3%), аднак крыху вышэй, чым у суседзяў.
"У цэлым сітуацыя няпростая, і тэмпы росту эканомікі, якія склаліся, не маглі б нас задавальняць, калі б не тая сітуацыя, якая складваецца цяпер на знешніх рынках", — паведаміў Кабякоў. Ён адзначыў, што ў Беларусі выкананы прагноз па сальда знешнеэканамічнай дзейнасці. Пры прагнозе ў 0,1% ад ВУП папярэдне сальда складае каля 600 млн долараў па метадалогіі плацежнага балансу Нацбанка.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, 6 рэгіёнаў краіны, за выключэннем Магілёўскай вобласці, прадэманстравалі рост валавога рэгіянальнага прадукту. Пры гэтым Віцебская, Гродзенская і Мінская вобласці выканалі прагнозныя паказчыкі.
Ёсць пэўны рост і прамысловай вытворчасці — на 1,9%. Як адзначыў кіраўнік урада, шмат у чым гэта звязана з актывізацыяй работы калійнай вытворчасці, апрацоўчай прамысловасці, а таксама дзякуючы прынятым мерам па дыверсіфікацыі паставак на знешнія рынкі.
Складскія запасы па выніках года склалі 75,8% ад аб'ёму прамысловай вытворчасці, што вышэй, чым запланавана. Тым не менш на пачатак года складскія запасы гатовай прадукцыі зніжаны на 1,3 млрд долараў. Нагадаем, што ў гэты час жыхары Беларусі актыўна скуплялі разнастайную тэхніку, каб зберагчы свае фінансы ад дэвальвацыі.
Фота — osh.by