Качанава: Дэкрэт прыняты, але мы не ведаем, наколькі і як ён будзе рэалізавацца
16 лютага ў Жодзіна прыязджае кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Качанава. Каб тлумачыць людзям сэнс прэзідэнцкага Дэкрэта “аб дармаедах”. І на прыём да яе за адзін дзень запісваецца больш за 20 чалавек. Відаць, пытанне “дармаедства” актуальнае для жодзінцаў.
У холе Жодзінскага райвыканкама за паўгадзіны да сустрэчы з Наталляй Качанавай збіраюцца людзі. Адных міліцыянт прапускае праз турнікет ― яны ў спісе на прыём, іншых пакідае чакаць у холе. Гэта тыя, хто ў спіс не трапіў і спадзяецца быць прынятым “па жывой чарзе”. Да візіту да кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі людзі асабліва не хочуць дзяліцца сваімі праблемамі з журналістамі. Маўляў, пасля размовы са сталічным чыноўнікам. Ну, ці калі на сустрэчу так і не патрапяць. Толькі Сяргей Запольскіх прызнаецца ― ён тут, каб нанесці папераджальны удар айчыннай падатковай сістэме.
“За 2016 год жонку могуць дармаедам аб’явіць. Бо ў нас ў дакументах на зямлю напісана “Для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома”, а трэба “Для ўласнай і падсобнай гаспадаркі”, ― паказвае мне дакументы Сяргей. ― Мы тры каровы трымаем, тварог робім, малако, масла, смятану ― возім на Жодзінскі рынак прадаваць. Падатак плацім на зямлю, а калі на рынак ідзеш, то і за месца плаціш, і за лабараторыю раз на тры месяцы бяром даведку, што ў нас каровы прывітыя. За даведку гэтую плацім 5 рублёў 4 капейкі. Так што, я дзяржаве не плачу? На запраўцы паліва бяру ― не плачу грошы? Гэтыя ж акцызы ўсе таксама дзяржаве ідуць!”.
Сяргей Запольскіх рашуча настроены дабіцца ад кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі справядлівасці. Але калі я сустракаю яго праз некалькі гадзін на выхадзе з райвыканкама, то прызнаецца: да Качанавай так і не дайшоў. Па словах мужчыны, перад дзвярыма кабінета старшыні райвыканкама, дзе праходзіў прыём, яго пераняў мясцовы юрыст, паслухаў, паглядзеў паперы і параіў спачатку схадзіць у падатковую і там сваё пытанне паспрабаваць вырашыць. Сяргей і пагадзіўся. Кажа, сходзіць у падатковую, і калі да яго аргументаў не прыслухаюцца, то проста возьме ў сельсавета яшчэ пару сотак зямлі і аформіць сабе “прыватную гаспадарку”.
А як жа яго словы пра свой удзел у сафінансаванні расходаў дзяржавы? Сяргей толькі рукой у адказ махае. А вось што на гэта мне кажа Наталля Качанава.
“Можна пад сафінансаванне падвесці што заўгодна ― і набыццё тавараў у краме. А мы кажам пра іншыя, вельмі важныя моманты ў жыцці нашай краіны. Што сёння робіцца ў нашай краіне і не робіцца ў іншых дзяржавах. Вось, у той жа Швецыі ўся вышэйшая адукацыя платная! І таму трэба да гэтага пытання падыходзіць больш сур’ёзна”.
Прыём, нягледзячы на дастаткова вялікую колькасць жадаючых сустрэцца з Качанавай, адбываецца даволі хутка. Нават стала цікава, як ёй гэта ўдаецца? Высвятляецца, што больш паловы “хадакоў” прыйшлі сюды не з нагоды анансаванага Дэкрэта №3. У некага трубы цеплатрасы пагнілі, а іх не мяняюць, у некага непаразуменні з пенсіяй, нехта прыйшоў “бараніць правы непаўнагадовага дзіцяці і прасіць дапамогі трапіць на прыём да старшыні Вярхоўнага суда”. Адпаведна, супрацоўнікі выканкама альбо накіроўваюць такіх адразу у іншыя аддзелы “дзе абавязкова разбяруцца і дапамогуць”, альбо абяцаюць арганізаваць сустрэчу са старшынёй Вярхоўнага суда.
Не больш за 5 хвілін правёў на прыёме ў Качанавай і Віктар, хлопец гадоў 30-ці. З чым прыходзіў, цікаўлюся.
“Прыйшоў ліст з падатковай з патрабаваннем заплаціць 360 рублёў. А я ж не дармаед ― я ў Расіі працаваў. Усё афіцыйна, у мяне і паперы адпаведныя ёсць”.
Еўрарадыё: І што сказала кіраўнік адміністрацыі?
Віктар: Сказала з гэтымі паперамі ісці ў падатковую, яны ім патэлефануюць, і там ўсе прэтэнзіі з мяне здымуць.
Еўрарадыё: А што, раней падатковай гэтых тваіх папер было мала?
Віктар: А я туды яшчэ і не хадзіў ― зараз вось і пайду.
Ніякіх непаразуменняў яшчэ не ўзнікла з падатковай у сям’і Уладзіміра Шпака, але ён вырашыў загадзя паклапаціцца, каб і не здарылася. І расказвае сваю заблытаную гісторыю.
“Сястра 20 гадоў не жыве ў Беларусі ― замужам за англічанінам і жыве там. А бацька яе мужа – у Палаце лордаў засядае! Сястра мае і англійскі, і беларускі пашпарт, не была тут ужо некалькі гадоў, але калі раптам захоча прыехаць на радзіму па сваім беларускім пашпарце, то ёй жа адразу з падатковай ліст прыйдзе! А якую даведку яна ім дасць ― ЖЭСаў у Англіі няма і пашпартнага стала няма!”
Сталічная чыноўніца нібыта параіла хоць пра нейкую даведку паклапаціцца, калі сястра будзе на радзіму ехаць. Бо “у падаткавікоў няма базы памежнікаў ды і праз Расію яна магла праслізнуць на радзіму і карыстацца тым нашымі бескаштоўнымі дабротамі”.
Магчыма, я яго і прапусціў, але ніводнага сапраўднага дармаеда я на прыёме Наталлі Качанавай у Жодзіна не сустрэў. Тым не менш, відавочна, што людзей гэты прэзідэнцкі дэкрэт непакоіць. Можа, варта яго адмяніць?
Качанава: “Дэкрэт прыняты, але мы пакуль не ведаем, наколькі і як ён будзе рэалізавацца. Для нас гэта толькі першы этап рэалізацыі гэтага дэкрэта. Але будзе праходзіць маніторынг, мы будзем бачыць, як працуе гэты дэкрэт, якія вынікі ў гэтай працы, а пасля гэтага будуць прымацца нейкія рашэнні. Сапраўды, падатковая адправіла звыш 400 тысяч лістоў, але гэта не азначае, што ўсе гэтыя людзі не занятыя нейкай дзейнасцю ― ёсць недапрацоўкі ў гэтых пытаннях, не поўная база дадзеных у падаткавікоў”.
З кабінета выходзіць жанчына сталага ўзросту. Няўжо і яе палічылі дармаедкай? Як высвятляецца, яна прыйшла да Наталлі Качанавай з праблемай дачкі. Тая ўжо некалькі гадоў як выйшла замуж за немца і з’ехала жыць у Германію, але таксама атрымала ліст з падатковай з патрабаваннем заплаціць за сваё “дармаедства”.
Па словах жанчыны, якая ад хвалявання не можа стрымаць слёзы, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі паабяцала ёй, што пытанне з дармаедствам дачкі будзе вырашанае.
Журналістам Наталля Качанава кажа, што лічыць гэты дэкрэт правільным і патрэбным. А крыху пазней, калі да яе на прыём па запісе прыходзяць лідары кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч, прызнаецца ім, па іх словах, што дэкрэт гэты “як прынялі, так пры патрэбе і адмяніць без праблем можна”.
Цікавімся, як кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі ставіцца да “марша дармаедаў”. Качанава прызнаецца, што… нічога пра яго не ведае і дадае, што выступае супраць збору подпісаў за адмену дэкрэта і супраць “маршаў дармаедаў”.
Качанава: “Такая форма, як збор подпісаў, мае месца быць, але я лічу, што мы ў нашай краіне і без гэтага добра ўмеем чуць адзін аднаго”…
Але ці сапраўды пачуюць чыноўнікі людзей і якія высновы з пачутага зробяць?