Каця Оаро: “Сарочае радыё” — кніга пра пошукі сумленнай журналістыкі
Былая журналістка Еўрарадыё распавяла пра прэзентацыю сваёй першай кнігі і прататыпаў яе герояў.
Некалі беларуская незалежная журналістка, а цяпер ужо пісьменніца Каця Оаро прэзентавала ў Мінску кнігу “Сарочае радыё”. Адмыслова для гэтага літаратарка прыехала з Францыі, дзе жыве апошнія некалькі гадоў. З-за пазнавальнасці некаторых персанажаў кнігі ды гісторый, “Сарочае радыё” пачалі называць апавяданнем пра жыццё Еўрарадыё. Мы сустрэліся з Кацяй, каб даведацца пра ўражанні ад першай уласнай прэзентацыі ў жыцці, ды пераканацца ў паходжанні герояў твора.
Еўрарадыё: Якія ўражанні ад прэзентацыі?
Каця Оаро: Я сама была здзіўленая, але было вельмі шмат цікавых і нечаканых пытанняў. Нават да чытання ўрыўкаў не дайшло. Прыйшлі людзі, шмат з якіх ужо прачыталі кнігу, і мне было вельмі цікава з імі размаўляць. Не скажу, што людзей было шмат. Можа таму, што гэта была нядзеля, да таго ж, 23 лютага, цалкам магчыма, што гэтае свята дагэтуль адзначаюць у Беларусі. Але былі і знаёмыя, і незнаёмыя людзі. Я зрабіла для наведвальнікаў “кампліменты”: канверты з урыўкамі са сваіх улюбёных твораў беларускай ды сусветнай літаратуры, якія можна было забраць з сабой, паглядзець, што табе выпала. Таксама я прывезла якія-ніякія французскія прысмакі для атмасферы. Натуральна, як было ў самой зале я не ведаю, але мне падалося, што было вельмі цёпла. Гэта ж была мая першая прэзентацыя, таму я не ведала чаго чакаць, але мне вельмі спадабалася.
Еўрарадыё: А якія самыя цікавыя пытанні?
Каця Оаро: Праходзіла прэзентацыя ў “Арт-сядзібе”, дзе на сценах вісяць фотаздымкі з беларускімі літаратарамі ў фальклорных вобразах. Дык вось, Альгерд Бахарэвіч спытаў, які вобраз я б абрала сабе. Гэта было вельмі нечакана, я ніколі не задумвалася на гэты конт... Натуральна, пыталіся колькі праўды ў апавяданні. Пыталіся, ці сапраўды адбылася тая сітуацыя на журфаку. Пыталіся, што здарылася з гэтымі журналістамі пасля. Справа ў тым, што раней ў аповесці быў эпілог, які рабіў фінал не такім адкрытым, можна было многае зразумець. Але потым я вырашыла эпілог зняць. І адказам было тое, што гэта ўсё ж літаратура, а значыць, твор скончыўся менавіта там, дзе ён скончыўся.
Еўрарадыё: А наколькі героі апавядання адпавядаюць рэальным журналістам, якія працавалі разам з табой на радыё?
Каця Оаро: Натуральна, там ёсць і зборныя вобразы, асабліва не галоўныя, а другасныя персанажы. Ёсць вобразы, у якіх сябе могуць пазнаць некалькі прататыпаў. Дзесьці праз валасы, дзесьці праз бараду, татуіроўку і г.д. А ёсць героі, якія сапраўды спісаныя з жывых людзей, і я вельмі спадзяюся, што нікога не пакрыўдзіла.
Еўрарадыё: Дык усё ж гэта кніга менавіта пра Еўрарадыё?
Каця Оаро: Гэта кніга пра незалежнае радыё. Я сапраўды працавала на Еўрарадыё, таму шмат хто з журналістаў можа сябе там пазнаць. Але кніга не пра Еўрарадыё, яна пра пошукі праўды, пра пошукі нейкай сумленнай журналістыкі высокіх стандартаў. Еўрарадыё выступіла такой глебай для напісання кнігі.