Калі дабудуюць канцлагер:Андрэй Павук пазваніў намесніку кіраўніка МУС Назаранку

Юрый Назаранка і Андрэй Павук / скрыншот відэа​
Юрый Назаранка і Андрэй Павук / скрыншот відэа​

Блогер з Кастрычніцкага Андрэй Павук пазваніў на жывую лінію першага намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Юрыя Назаранкі.

Павук распытаў і пра Дзень Волі, і пра непаўналетняга Мікалая Лукашэнку з аўтаматам у цэнтры Мінска ў мінулым жніўні, і пра тое, да каго бегчы па абарону, калі невядомыя ў балаклавах затрымліваюць і б'юць людзей.

Пра Дзень Волі Назаранка адказаў традыцыйнае: будзе дазволенае мерапрыемства — нікога затрымліваць не будуць.

"Калі не, то мерапрыемства будзе несанкцыянаваным", і ўдзел у ім "будзе парушэннем закона аб масавых мерапрыемствах".

"А калі я выйду з чырвона-зялёным сцягам і буду проста ісці дадому?" — пацікавіўся Павук. "Калі ласка, гэта дзяржаўны сцяг", — дазволіў Назаранка.

Блогер спрабаваў таксама даведацца меркаванне міліцэйскага чыноўніка пра аўтамат, з якім бачылі Мікалая Лукашэнку ў мінулым жніўні: ці дапушчальна "даваць падлетку баявую зброю", пацікавіўся Павук.

"З чаго вы ўзялі, што гэта баявая зброя?" — парыраваў Назаранка.

Когда достроят концлагерь  — Андрей Паук позвонил замглавы МВД Назаренко
Мікалай Лукашэнка з аўтаматам / "Пул Першага"

На пытанне "ці дабудавалі канцлагер", з'яўленне якога анансаваў чалавек з голасам,падобным на голас цяперашняга намесніка кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова, Назаранка адказваць не стаў.

Не ўдалося Павуку атрымаць канкрэтны адказ і на пытанне, калі ў краіне невядомыя людзі ў балаклавах перастануць хапаць і біць людзей — іншымі словамі, калі міліцыя грамадскай бяспекі навядзе парадак на вуліцах.

"Навядзём, Андрэй Уладзіміравіч, засталося мала", — запэўніў Павука Назаранка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі