"Калі Пуцін даб'ецца поспеху ва Украіне, ён працягне вайну" — віцэ-канцлер ФРГ

Віцэ-канцлер Германіі Роберт Хабек прыбыў у Кіеў

Віцэ-канцлер Германіі Роберт Хабек прыбыў у Кіеў / @BILD_Russian

Раніцай у Кіеў на спецыяльным цягніку прыбыў міністр эканомікі і віцэ-канцлер Германіі Роберт Хабек. Гэта другі візіт Хабека ва Украіну пасля пачатку расійскага ўварвання, адзначае Bild. Апошні раз ён быў у Кіеве роўна год таму.

Паводле Хабека, гэтым візітам ён хоча паказаць, што "Германія цвёрда стаіць на баку Украіны, пакуль гэта неабходна".

"Калі Пуцін даб'ецца поспеху ва Украіне, ён працягне вайну. Таму для нашай бяспекі і міру ў Еўропе важна, каб Украіна паспяхова абараняла сябе і каб мы ёй дапамагалі", — заявіў Хабек. Запланаваная сустрэча Хабека з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Разам з віцэ-канцлерам ва Украіну прыехаў і кіраўнік зброевай кампаніі Diehl Defence Гельмут Раўх. Яго кампанія вырабляе зенітна-ракетныя комплексы Iris-T SLM.

"Тры нашы сістэмы ўжо знаходзяцца ва Украіне, і яшчэ больш будзе пастаўлена ў гэтым годзе. Наступная — усяго праз некалькі тыдняў", — сказаў ён у гутарцы з карэспандэнтам BILD.

МУС Украіны тым часам паведаміла, што завяршыла ратавальную аперацыю ў Чарнігаве. Напярэдадні расіяне нанеслі па горадзе ракетны ўдар. Загінулі 18 чалавек, пацярпелі 78, у тым ліку чацвёра дзяцей. Трох чалавек дасталі з-пад завалаў. "За дзень у паліцыю паступіла больш за 300 заяў ад людзей, чые памяшканні і маёмасць пашкоджаныя або разбураныя ў выніку расійскага ўдару", — адзначылі ў МУС Украіны. Украінскія ўлады ўжо неаднаразова заяўлялі, што адчуваюць недахоп боепрыпасаў і тэхнікі, у тым ліку для таго, каб абараніць свае гарады і інфраструктуру ад расійскіх атак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі