У Познані вынеслі прысуд па справе двух беларусаў, абвінавачаных у шпіянажы

Дзмітрый Н., якога апраўдаў польскі суд

Дзмітрый Н., якога апраўдаў польскі суд / Agencja Wyborcza.pl

Суд у Познані вынес рашэнне па справе двух беларусаў, абвінавачаных у шпіянажы, піша MOST.

57-гадовага кіроўцу і музыканта Дзмітрыя Н. апраўдалі за адсутнасцю доказаў. 51-гадовага вайскоўца ў адстаўцы Андрэя Р. асудзілі на тры гады, хоць пракуратура прасіла прысудзіць яму пяць гадоў.

Абодвух беларусаў затрымалі ў красавіку 2022 года. Ад таго часу яны перабывалі пад вартай. Паводле польскіх СМІ, за некалькі тыдняў да прысуду Дзмітрыя Н. з-пад варты вызвалілі, аднак забаранілі пакідаць Польшчу.

Судовы працэс пачаўся ў кастрычніку 2023 года. Паколькі справа звязаная з дзяржаўнай таямніцай, суд быў закрытым. Прысуд абвясцілі 29 красавіка, і частка яго таксама была засакрэчаная.

Паводле следства абодва мужчыны прыехалі ў Польшчу працаваць кіроўцамі, але асноўнай іх мэтай было назіраць за важнымі ваеннымі і грамадзянскімі аб'ектамі Польшчы на захадзе краіны. Следства меркавала, што інфармацыю беларусы збіралі менш за месяц — з 6 сакавіка па 4 красавіка 2022 года.

Суд прызнаў даказанай віну толькі аднаго падсуднага — Андрэя Р. Таксама ў судзе заявілі, што доказаў яго віны было мала, але гэта, на думку суддзяў, сведчыць "пра высокі прафесіяналізм абвінавачанага і ўменні пазбегнуць выкрыцця".

Мяккасць прысуду суддзя Катажына Вольф патлумачыла невялікім тэрмінам збору даных, а таксама адсутнасцю доказаў таго, што падсудны паспеў каму-небудзь іх перадаць.

Доказаў віны Дзмітрыя Н. суд не знайшоў. У яго не было ні фота, ні апісання польскіх ваенных і грамадзянскіх аб'ектаў. Уся справа супраць яго была пабудаваная толькі на падставе яго знаёмства з Андрэем Р., з якім яны разам хадзілі на закупы і на прагулкі.

Сам Дзмітрый сцвярджаў, што быў знаёмы з Андрэем Р. толькі тры тыдні да затрымання — яны разам хадзілі ў краму.

На апраўдальны прысуд ён адрэагаваў так: "Магу ехаць дадому? Праўда? Дзякуй".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі