Беларуса і расіяніна асудзілі ў Польшчы за за шпіянаж на карысць спецслужбаў РФ
У Польшчы асудзілі расійскіх шпіёнаў, ілюстрацыйнае фота
Акруговы суд у Беластоку прысудзіў па чатыры гады зняволення беларусу і расіяніну. Іх вінавацілі ў шпіянажы на карысць расійскай вайсковай разведкі, перадае Беларуская рэдакцыя Польскага радыё.
Публічны суд цягнуўся амаль год. Абвінавачаным залічылі ў пакаранне перыяд утрымання пад вартай і арышту.
Абодвух мужчын затрымалі ў красавіку 2022 года. Іх абвінавацілі ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Расіі ў 2017-2022 гадах. Паводле звестак пракуратуры, абвінавачаныя збіралі звесткі пра польскія вайсковыя часці, іх размяшчэнне, развіццё, аснашчэнне і асабовы склад, а таксама пра вайсковыя часткі саюзнікаў.
Абодва замежнікі жылі ў Польшчы легальна. Беларус спачатку вучыўся ў адной з беластоцкіх ВНУ, а потым заняўся арганізацыяй парашутна-дэсантнай падрыхтоўкі. Следства прыйшло да высновы, што так ён наладжваў кантакты, якія выкарыстоўваў для шпіянажу. Расіянін вёў шпіёнскую дзейнасць падв выглядам культурніцкай і турыстычнай.
Як заяўляе следства, асабліва шпіёнаў цікавілі польскія часці ў раёне беларускай мяжы ў сувязі з міграцыйным крызісам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.