Калі расійскія войскі пакінуць Беларусь, Лукашэнка хоча абмеркаваць з Пуціным
Калі расійскія войскі пакінуць Беларусь, Аляксандр Лукашэнка хоча абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным. 14 лютага ён заявіў, што "у бліжэйшы час" сустрэнецца з расійскім прэзідэнтам. "Прымем рашэнне, калі, у якія тэрміны, па якім графіку выводзіць адсюль Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. І дадаў: "Гэта наша справа з Пуціным".
У Крамлі заяву Лукашэнкі пра сустрэчу пазней пацвердзілі.
Як вядома, прэзідэнт РФ не планаваў наведаць вучэнні ў Беларусі. Ці азначаюць словы Аляксандра Лукашэнкі, што Уладзімір Пуцін вырашыў усё ж прыехаць? У апошнія месяцы ён аддаваў перавагу размовам з Лукашэнкам па тэлефоне ці праз відэасувязь. 12 лютага паміж імі адбылася тэлефонная размова. Сярод тэмаў абмеркавання была і сітуацыя вакол Украіны.
Вайсковыя вучэнні ў Беларусі павінны закончыцца 20 лютага. Колькі расійскіх войскаў знаходзіцца ў нашай краіне на палігонах і каля мяжы з Украінай, дагэтуль невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.