Калінін: Будаўніцтва жылля ў Мінску і абласных цэнтрах трэба скараціць удвая
Бліжэйшым часам ва ўрадзе будзе абмяркоўвацца, як скараціць будаўніцтва жылля ў Мінску і развіваць гарады-спадарожнікі. Пра гэта ў тэлеэфіры канала СТВ паведаміў віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін.
На думку Калініна, будаўніцтва шматпавярховікаў у Мінску і абласных цэнтрах неабходна скараціць як мінімум удвая. "З такой прапановай мы будзем выходзіць ва ўрад і абмяркоўваць гэтыя рашэнні", — заявіў чыноўнік. Ён дадаў, што ў сталіцы пражывае 20% насельніцтва краіны.
Замест буйных гарадоў, кажа віцэ-прэм'ер, будуць развівацца гарады-спадарожнікі. Аб'ёмы будаўніцтва ў іх плануецца павялічыць не менш як у чатыры-пяць разоў. Напрыклад, у Смалявічах, горадзе-спадарожніку Мінску, ён прапануе будавацца ахвочым на ўмовах ільготнага крэдытавання.
Для таго, каб стрымліваць рост Мінска і абласных гарадоў, па словах Калініна, трэба выносіць з іх буйныя прадпрыемствы. "Гэта трэба рассяляць. Пакуль мы будзем дазваляць будаваць у Мінску і ў абласных цэнтрах, у раён ніхто не паедзе. Таму гэта таксама новая прапанова", — патлумачыў ён.
Сталіцу чакаюць наступныя змены ў будаўніцтве жылля: "Пабудаваць у Мінску могуць толькі для шматдзетных сем'яў, ну і камерцыйнае жыллё, зноў жа, з абмежаванымі аб'ёмамі і магчымасцямі".