Каля ўваходу ў Луўр чалавек з мачэтэ напаў на вайскоўца
У цэнтры Парыжа мужчына з мачэтэ напаў на вайскоўца, які стаяў на ахове Луўра. Нападнік выкрыкваў "Алах акбар" і паспеў параніць салдата ў галаву. У адказ вайсковец адкрыў агонь, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Па словах відавочцаў, гэты чалавек спрабаваў прайсці ў краму пры парыжскім музеі з адной ці дзвюма валізамі. Паводле іншай версіі, нападнік быў з заплечнікам і мачэтэ.
Начальнік паліцыі Парыжа паведаміў, выказванні гэтага чалавека пераканалі ахоўніка Луўра, што ён задумвае тэракт. Вайсковец зрабіў пяць стрэлаў, нападнік атрымаў сур'ёзныя раненні ў жывот. Выбуховых рэчываў пры ім не знайшлі.
Усіх наведвальнікаў з Луўра эвакуявалі.
Пасля тэрактаў у Парыжы ў лістападзе 2015 года многія аб'екты ў Францыі знаходзяцца пад аховай не толькі паліцыі, але і вайскоўцаў.