Калякін: Прыток людзей у партыю стаў большым
Старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" выказаўся наконт магчымага супрацоўніцтва апазіцыі з арганізатарамі "маўклівых акцый".
Пад загалоўкам “Таемнае стала відавочным” 110803 Kaliakin - site.mp3
Калякін: “Тут і праўда і няпраўда. Ідэя акцыяў, іх арганізацыя — гэта ініцыятыва маладых людзей, якія, наадварот, у пачатковы перыяд нават папрасілі, каб апазіцыя не ўдзельнічала ў гэтым. Яны пазіцыянаваліся не як апазіцыя. І мы прыслухаліся да іх. Мы не сталі афішаваць наш удзел у іх. Большасць лідэраў апазіцыі туды асабіста не прыходзілі. Мы нідзе не казалі публічна, што мы заклікаем нашых прыхільнікаў, сяброў партый удзельнічаць у гэтых акцыях.
Гэтыя ўсе акцыі адбываліся без палітычных лозунгаў і без канкрэтных патрабаванняў, што не можа рабіць апазіцыя. З іншага боку, актывісты нашых партыяў былі актыўнымі ўдзельнікамі гэтых мерапрыемстваў, гэта безумоўна. Гэта мы можам прааналізаваць па тым, хто быў затрыманы: як мінімум палова затрыманых — гэта прадстаўнікі апазіцыйных арганізацыяў. Пра гэта ішла гаворка”.
Еўрарадыё: Яны прымалі ўдзел, але не як сябры партыі, а як звычайныя грамадзяне?
Калякін: “Так. Яны прымалі удзел як сацыяльна-актыўныя грамадзяне. Мы ім непублічна рэкамендавалі: трэба быць разам з людзьмі. Але, ўлічваючы просьбу арганізатараў, мы ім не перашкаджалі, мы пагадзіліся з тым, што калі гэта іх ідэя і яны лічаць, што ім гэта зашкодзіць, калі мы будзем сумесна дзейнічаць, то мы не сталі гэтага рабіць.
Ёсць зварот лідэраў сацыяльных сетак, каб каардынаваць нашыя дзеянні. Гэта іншая зусім сітуацыя. Зараз, магчыма, будзе дасягнутая такая дамоўленасць і мы будзем разам з імі планаваць акцыі, удзельнічаць у іх”.
Еўрарадыё: Вы пазітыўна ставіцеся да ідэі стварэння рады з палітыкаў, вядомых асобаў, якія будуць абмяркоўваць правядзенне акцыяў РПСС?
Калякін: “Безумоўна. Я заўсёды пазітыўна стаўлюся да таго, што людзі, якія хочуць змяніць сітуацыю ў краіне, якія незадаволеныя становішчам, у якім яны апынуліся, калі яны аб’ядноўваюць свае высілкі. І не істотна, хто аб’ядноўваецца. Сумесна мы мацнейшыя, сумесна мы можам рабіць гэта больш эфектыўна. Я заўседы за гэта вступаў. Я асабіста гатовы з імі абмяркоўваць сумесныя дзеянні і сумесную працу”.
Еўрарадыё: Вас ужо запрашалі ўвайсці ў гэтую раду?
Калякін: “Там нікога не запрашаюць, там ёсць публічнае запрашэнне. Я пакуль адказу не даваў, бо тут павінен прыняць рашэнне не Калякін, а павінна прыняць рашэнне арганізацыя”.
Еўрарадыё: На ваш погляд, каму зараз больш патрэбна такое супрацоўніцтва -— РПСС ці апазіцыйным партыям?
Калякін: “Больш за ўсе гэта трэба беларускаму народу і нашай Беларусі. Трэба думаць пра будучыню нашай краіны, нашых дзяцей, тады ўсё будзе добра”.
Еўрарадыё: Апошнім часам можна пачуць меркаванне, што палітычныя партыі настолькі аслабелі, што ўжо не могуць арганізаваць нейкую вулічную акцыю? Ці прыходзяць новыя людзі?
Калякін: “Наадварот, прыток людзей стаў большым. Гэта стала асабліва заўважна ў мінулым годзе, і ў гэтым годзе. Таму гэта ўсе фантазіі людзей, якія не займаюцца гэтай справай, не ўяўляюць сабе, што сёння на самой справе адбываецца ў палітычных партыях”.
Фота — bymedia.net