Кампазітары запратэставалі супраць новага закона аб аўтарскім праве

Беларускія кампазітары і паэты-песеннікі пачалі збіраць подпісы пад зваротам да дэпутатаў. На іх думку, праект новага закона “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”, які збіраецца прыняць Палата прадстаўнікоў, не ўлічвае інтарэсаў менавіта аўтараў. Гэта акалічнасць і вымусіла творцаў звярнуцца да дэпутатаў, кажа кампазітар Андрэй Касцюгоў.

Андрэй Касцюгоў:
“Аўтары напісалі ліст, які зараз падпісваецца, які накіраваны на тое, каб дэпутаты нас выслухалі. Бо такія рэчы (прыняцце новага закона – аўт.) не павінны рабіцца без уліку меркавання аўтараў”.

Ініцыятарам звароту да дэпутатаў выступіў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Менавіта ён манапольна збірае грошы з радыёстанцый і тэлебачання за “пракрутку” песень беларускіх аўтараў.

Начальнік Цэнтра па калектыўным ўпраўленні маёмаснымі правамі Наццэнтра Аляксей Бічурын распавёў Еўрарадыё, што прымусіла іх выйсці “на сцежку вайны” з дэпутатамі тое, што народныя абраннікі не ўлічылі іх прапаноў у новым законапраекце.

Аляксей Бічурын:
“Усе нашы прапановы былі адрынутыя. Хоць мы іх узгаднілі з 15 зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі, унеслі іх ва ўрад. Але на этапе таго, калі закон трапіў у парламент, дзе ён цяпер знаходзіцца і разглядаецца, і дзе адбываецца далейшая праца над ім, гэтыя нашы прапановы былі выключаныя з закона”.

У цэнтра былі дзве асноўныя прапановы. Найперш, яны хацелі, каб новы закон дазволіў ім збіраць аўтарскае ўзнагароджанне нават для тых аўтараў, з якімі не падпісана дамова на аказанне такіх паслуг. У цэнтры гэта называюць – парадак пашыранай ліцэнзіі.

Аляксей Бічурын: “Мы будзем збіраць з усіх і для ўсіх. Усіх карыстальнікаў загонім у выплату аўтарскага ўзнагароджання і кожны аўтар, чые творы выконваюцца, зможа атрымаць ўзнагароджанне ў Цэнтры па калектыўным ўпраўленні. Мы, сабраўшы ўзнагароджанне, хай нават у нас няма з аўтарамі дамовы, але маючы гэта ўзнагароджанне за канкрэтны факт выкарыстання, у кожны момант можам забяспечыць яго выплату зацікаўленаму аўтару. Зразумела, мы будзем шукаць аўтара і забяспечваць выплату ўзнагароджання яму”.

Другая ж прапанова тычылася таго, каб пакінуць Цэнтр інтэлектуальнай уласнасці манапалістам у сферы збірання ўзнагароджання для аўтараў. Дэпутаты ж хочуць, каб такіх “зборшчыкаў, стала больш. Аляксей Бічурын лічыць, што толькі манапаліст можа па-сапраўднаму абараніць фінансавыя правы творцаў.

Але ж на думку намесніка старшыні Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Мікалая Казака, калі такіх арганізацый стане некалькі, то гэта будзе выгадна найперш самім аўтарам.

Мікалай Казак: “Я лічу, што гэта прыкмета лібералізацыі, рыначнай эканомікі: дрэнна тваё права адзін абараняе – пайшоў да другога”.

Сёння кампазітару, каб атрымліваць грошы за “пракрутку” яго песень, неабходна падпісаць дамову з Цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці. І калі сам цэнтр хоча збіраць грошы нават для тых аўтараў, з якімі ў іх дамовы няма, то дэпутаты выступаюць за захаванне ранейшай сістэмы.

Мікалай Казак:
“Павінна спачатку быць дамова з аўтарам альбо з уладальнікам правоў. Наконт таго, што ім даручаецца абараняць яго інтарэсы. Каб аўтар ведаў, якая арганізацыя будзе яго інтарэсы абараняць”.

Увогуле ж, такая ваяўнічая пазіцыя Цэнтра выклікае ў дэпутата здзіўленне. Па яго словах, праект закона прыйшоў да іх на разгляд з Савета міністраў за подпісам Сідорскага. А Цэнтр інтэлектуальнай уласнасці падпарадкоўваецца менавіта Саўміну. Чаму, пытаецца Казак, усе прапановы не былі ўзгодненыя адразу там?

У сваю чаргу, Аляксей Бічурын кажа, што з Саўмінам усё было ўзгоднена. І прапановы іх у праект закона ўключылі. Куды яны потым зніклі – ён не ведае.

Дарэчы, разгляд закона аб аўтарскіх правах могуць адкласці да восеньскай сесіі. Па словах Мікалай Казака, у праекце шмат недапрацовак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі