Кампенсацыя стратаў на рамонт Дома ўрада будзе ўнесеная 21 лютага

У Мінску па адрасе: вуліца Машэрава, 8 — сабралі 14 мільёнаў рублёў для тых, каго судзяць па "Справе Плошчы". Кампенсацыя сродкаў, якія Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне (ГГУ) Адміністрацыі прэзідэнта выдаткавала на рамонт  Дома ўрада пасля падзеяў 19 снежня, будзе ўнесеная сёння, 21 лютага. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла Дар'я — адна з актывістак грамадзянскай ініцыятывы, якая займаюцца зборам грошай.

"Здаць грошы трэба менавіта сёння, бо заўтра [22 лютага. — Заўв. Еўрарадыё] пачынаецца наступны суд па "Справе Плошчы". Таму, нават калі сёння мы не збярэм 14 мільёнаў — я і іншыя актывісты, нашыя сябры — мы закладзем свае грошы".

Калі ўзнікне такая неабходнасць — збор сродкаў працягнецца і заўтра. Але, па словах Дар'і, людзі ахвяруюць грошы актыўна, і таму ёсць спадзеў, што праз некалькі гадзінаў будзе сабраная ўся сума кампенсацыі. Калі сродкаў будзе сабрана больш, чым трэба — яны будуць ці вернутыя ахвяравальнікам, ці перададзеныя на адрасную дапамогу пацярпелым і сваякам затрыманых пасля падзеяў 19 снежня.

Нагадаем, лічбы стратаў з-за так званага "пагрому" Дома ўрада былі агучаныя грамадскім пазоўнікам на судзе па справе Васіля Парфянкова. Грамадзянскі іск прад'яўлены на 14 мільёнаў 48 тысяч рублёў. Днямі прадстаўнікі ГГУ ў прысутнасці журналістаў на пытанне: "Калі грамадянская ініцыятыва ўнясе гэтыя грошы ў пагашэнне ўсіх стратаў дзяржавы, ці адзавуць яны свой грамадзянскі пазоў у крымінальным працэсе супраць абвінавачаных?", адказалі, што пры ўнясенні кампенсацыі за страты — адзавуць.

Фота: panoramio.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі