"Не надта добрыя суседзі". У Кангрэсе гаварылі аб расійскай пагрозе Беларусі
У Хельсінкскай камісіі Кангрэса ЗША адбыліся слуханні аб расійскім уплыве ў Беларусі. Яны насілі назву "Не надта добрыя суседзі", перадае Радыё "Свабода".
Нагодай стала ўзмацненне расійскай прапаганды і дэзінфармацыі, скіраванай на разбурэнне суверэнітэту Беларусі.
Ад Беларусі на слуханнях выступалі Андрэй Елісееў, аналітык арганізацыі EAST Center, кіраўнік аддзелу маніторынгу Міжнароднай стратэгічнай сеткі дзеянняў для бяспекі (iSANS), і медыяаналітык Франак Вячорка.
У сваім выступе Елісееў адзначыў, што ў інтэрнэце Беларусь ужо блізкая да Украіны па аб'ёме пракрамлёўскай прапаганды і дэзінфармацыі. Каля тузіна расійскіх сайтаў, якія раней канцэнтраваліся на Украіне і Сірыі, дадалі Беларусь да сваіх галоўных тэмаў.
Расійская прапаганда заяўляе, што беларусы з'яўляюцца часткай рускага народу, а беларускую мову прыдумаў варожы Захад. Пракрамлёўскія сайты кажуць, што беларусы падтрымліваюць паглыбленую інтэграцыю з Расіяй. Існуе небяспека, што Беларусі застанецца толькі фармальны суверэнітэт, але ўсе пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі будуць вырашацца ў Маскве.
На думку Елісеева, заходнія карпарацыі кшталту Google і Apple несвядома ўзмацняюць расійскую онлайн-прысутнасць у Беларусі, даючы беларускім інтэрнэт-карыстальнікам пераважна расійскі медыякантэнт.
Вячорка звязаў працэс русіфікацыі з з узмацненнем антыдэмакратычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі расійскія прапагандысты робяць стаўку не на наяўнасць этнічнага рускага насельніцтва, якога ў Беларусі не так шмат, а на прасоўванні "рускага свету" праз рускую мову і праваслаўе. Беларускія ж улады заплюшчваюць вочы на ўзмацненьне прарасійскай сеткі ўплыву ў краіне.
Хоць ў Беларусі няма паўнавартасных расійскіх вайсковых базаў, беларуская сістэма супрацьпаветранай абароны фактычна з'яўляецца часткай расійскай, а вайскоўцаў вучаць, што асноўны праціўнік Беларусі — NATO.
Соф’я Арлоскі, старэйшы менеджар праграм па Еўразіі амерыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House, у сваім выступе заявіла, што Расія трымае Беларусь у закладніках эканамічных, энергетычных і гандлёвых сувязяў і прыспешвае так званую Саюзную дзяржаву, каб атрымаць выгады. Пры гэтым працэс так званай "інтэграцыі" застаецца непразрыстым. Дагэтуль не апублікаваныя планы і "дарожныя мапы", якія плануецца падпісаць 8 снежня. Аўтакратычны рэжым не дазваляе Беларусі ўзмацніць унутраную абароненасць і робіць краіну ўразлівай для расійскага ціску.
Арлоскі параіла Захаду падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі, незалежныя медыі, а таксама ініцыятывы, скіраваныя на развіццё беларускай культуры, мовы і гісторыі. Беларускім уладам, на яе думку, варта дапамагаць пры ўмове эканамічных рэформаў, лібералізацыі ў сферы медыя і грамадзянскай супольнасці.
Дырэктар праграмы Расіі вашынгтонскага Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Браян Уітмар адзначыў, што Захад зацікаўлены ў суверэнітэце Беларусі. Пры гэтым рэжым Пуціна імкнецца ператварыць Беларусь у частку сваёй заходняй вайсковай акругі.
Па яго словах, пасля расеійскай агрэсіі ва Украіне ў 2014 годзе Лукашэнка і частка беларускіх элітаў занепакоіліся небяспекай далейшай інтэграцыі з Расеяй. А сама Расія, аслабленая санкцыямі, зменшыла эканамічную падтрымку беларускіх уладаў. Масква, на думку Уітмара, гатовая захаваць Беларусь нават праз вайсковае ўмяшанне. І Захад павінен даць ясны сігнал, што суверэнітэт Беларусі з'яўляецца недатыкальным.
Ён параіў ЗША інвеставаць у высокатэхналагічны сектар Беларусі, заняўшы нішу, якая ўтварылася пасля скарачэння расійскіх субсідый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.