Рэкорд: карціну Поля Гагена прадалі за 300 млн долараў (фота)
Яна стала самай дарагой у свеце. На карціне мастака — выява дзвюх таіцянскіх дзяўчын.
Карціну імпрэсіяніста Поля Гагена "Калі веселле?", датаваную 1892 годам, прадалі за 300 мільёнаў долараў. Праўда, гэта неафіцыйная інфармацыя. Яе ўжо былы ўладальнік, швейцарскі калекцыянер Рудольф Штэхелін пацвердзіў факт продажу, але адмовіўся назваць суму здзелкі. Газета New York Times адзначае, што карціну купіла структура Qatar Museums, якая набывае творы мастацтва для музееў багатых арабскіх краінаў.
РІА "Новости" інфармуюць, што карціна Гагена трапіць да новых уладальнікаў толькі ў пачатку 2016-га. Яна знаходзіцца ў экспазіцыі музея Kunstmuseum у Базэлі, пасля будзе на выставах у Мадрыдзе і Вашынгтоне.
Дагэтуль самай дарагой у свеце карцінай лічыўся твор Поля Сезана "Гульцы ў карты". Тры гады таму нацыянальны музей Катара купіў яе за 250 млн долараў.
Фота: Сourtesy National Gallery of Art