Карл III афіцыйна абвешчаны каралём Вялікабрытаніі
Кароль Карл III / Reuters
Карл III афіцыйна абвешчаны каралём Вялікабрытаніі. Гэта здарылася ў суботу раніцай падчас паседжання Савета па перадачы трону ў спадчыну, піша BBC. Упершыню ў гісторыі цырымонія транслявалася анлайн.
Пракламацыя была адразу ж падпісана (у парадку чарговасці) спадчыннікам прастола прынцам Уільямам, каралевай-кансортам Камілай, лідарам Палаты абшчын і лордам-старшынёй Савета Пені Мардаунт, прэм'ер-міністрам Брытаніі Ліз Трас і архіепіскапам Кентэрберыйскім.
На цырымоніі прысутнічалі былыя прэм'ер-міністры — Джон Мэйджар, Гордан Браўн, Борыс Джонсан, Дэвід Камерон, Тэрэза Мэй і Тоні Блэр.
Практычна ўсе прысутныя былі апрануты ў чорнае ці пурпурное — у знак смутку па памерлай каралеве.
Пакуль не вядома, калі адбудзецца каранацыя Карла III, але ці наўрад гэта здарыцца ў найбліжэйшыя тыдні. У хуткім часе гімн каралеўства будзе пераназваны ў "God save the King", а партрэт караля з'явіцца на брытанскіх фунтах.
Карл III стаў каралём аўтаматычна адразу ж пасля смерці яго маці — каралевы Лізаветы II, якая памерла 8 верасня ва ўзросце 96-ці гадоў. Дата пахавання каралевы пакуль не вызначаная. Вядома, што сёння труна будзе перавезена з замка Балмарал, дзе памерла Яе Вялікасць, у афіцыйную каралеўскую рэзідэнцыю ў Эдынбургу — Халірудскі палац, адкуль ва ўрачыстай працэсіі яе перавязуць у сабор Святога Эгідыя.
Пасля гэтага сабор адкрыюць для развітання з каралевай. А ў аўторак 13-га верасня труну перавязуць у Лондан. Каралева будзе пахаваная ў сямейным магільным склепе Вінзараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.