Кароль Карл III упершыню з'явіўся на публіцы пасля таго, як у яго знайшлі рак
Карл III і яго жонка Каміла
Кароль Вялікабрытаніі Карл III прыняў удзел у Велікоднай службе ў Віндзары. Гэта стала яго першым з'яўленнем на публіцы пасля таго, як у яго выявілі рак. Карл з'явіўся ў царкве разам са сваёй жонкай каралевай Камілай і іншымі членамі каралеўскай сям'і, піша ВВС. Ён пагутарыў з людзьмі, якія прыйшлі яго павітаць.
Па звестках Бі-бі-сі, нядзельнае наведванне царквы і сустрэча з людзьмі не значыць, што Карл гатовы вярнуцца да публічнага жыцця. 75-гадовы манарх зараз праходзіць лячэнне. Ён працягвае выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі, але з-за лячэння практычна не прымае ўдзелу ў публічных мерапрыемствах.
Нагадаем, рак у Карла выявілі ў студзені, у лютым дыягназ пацвердзіў Букінгемскі палац. А ў сакавіку стала вядома, што анкалогію знайшлі і ў прынцэсы Уэльскай Кейт. У цяперашні час яна праходзіць курс прафілактычнай хіміятэрапіі. Велікодную службу сёлета яна прапусціла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.