"Зеленбуд" спілаваў два дрэвы ў Катоўцы, прыбраў тэхніку, але абяцаў вярнуцца

"Зеленбуд" спілаваў два дрэвы ў Катоўцы, прыбраў тэхніку, але абяцаў вярнуцца

6 снежня ў мінскім скверы Катоўка, што ў Савецкім раёне, пачалася высечка дрэваў. Пра гэта актывістам экалагічнага таварыства "Зялёная сетка" стала вядома ў 8.20 раніцы. Яны тут жа абтэлефанавалі мясцовых жыхароў, і неўзабаве ў скверы з'явілася 35 абаронцаў Катоўкі. Па словах адной з актывістак Хрысціны Чарняўскай, большасць людзей неўзабаве пайшлі на працу, але каля дзесяці чалавек знаходзіліся на месцы да таго часу, пакуль супрацоўнікі "Зеленбуда" не пакінулі сквер, спілаваўшы два дрэвы.

"Калі яны ўбачылі, што людзі супраць высечкі і настроеныя рашуча, яны прыгналі машыну, якая драбніць галлё, прыбралі тое, што спілавалі, і тэхніку, з'ехалі, але абяцалі вярнуцца", — распавядае Хрысціна.

"Зеленбуд" спілаваў два дрэвы ў Катоўцы, прыбраў тэхніку, але абяцаў вярнуцца
Фота: БелаПан

Падтрымаць "Зеленбуд" прыехалі два міліцыянеры і чалавек з камерай, які здымаў усё, што адбываецца. Дакументы на дазвол высечкі ні "Зеленбуд", ні міліцыя мясцовым жыхарам не прадставілі.

"Людзі паводзілі сябе спакойна, спрабавалі патлумачыць, паказаць паперы, якія сведчаць, што высечка незаконная, аднак ні "Зеленбуд", ні міліцыя не хочуць гэта слухаць, — працягвае актывістка. — Дазвол на высечку ў іх дзейнічае да 30 снежня. Але заўтра мясцовыя жыхары з прадстаўнікамі таварыства "Зялёная сетка" ідуць на сустрэчу з мэрам Шорцам. Мне падаецца, што "Зеленбуд" спужаўся і вырашыў хутка зрабіць сваю справу. Гэта не выпадковасць".

Паводле актывістаў "Зялёнай сеткі", высечка сквера ў Катоўцы і пабудова на гэтым месцы касцёла незаконныя. Бо згодна з заканадаўствам, у скверах і парках мясцовага значэння забараняецца правядзенне любога будаўніцтва. Мяркуецца, што дакументы на правядзенне высечкі і пабудовы касцёла на гэтым месцы былі выдадзеныя з парушэннем.

Апроч таго, 2 снежня скончыліся грамадскія абмеркаванні па зменах у план дэтальнай планіроўкі Сельгаспасёлка, дзе знаходзіцца сквер. У бліжэйшы час прапановы мусяць быць разгледжаныя. І пакуль не вынесенае канчаткова рашэнне па зменах, лічаць прадстаўнікі "Зялёнай сеткі", будаўніцтва касцёла не можа быць пачатае. Да таго ж любому будаўніцтву мусіць папярэднічаць дзяржаўная экалагічная экспертыза, а яна зробленая не была.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі