Казахскі эксперт: Простыя людзі ад Мытнага саюза выгад не займелі
Дарагая растаможка аўто, рост коштаў на прадукты, праблемы ў гандляроў і дробных вытворцаў — што даў простым людзям Мытны саюз, высвятляе Еўрарадыё
Самым гучным вынікам братэрства ў межах Мытнага саюза стала значнае падвышэнне ўвазных пошлін на аўтамабілі — іх зраўнялі з расійскімі. Каб паспець да падаражання, беларусы кінуліся набываць тое, на што хапала грошай. І зараз мала хто ў хуткім часе зможа абнавіць свой асабісты аўтапарк — без 10 тысяч долараў на аўтарынку няма чаго рабіць.
Практычна тое ж падарыў Мытны саюз і казахам, дзеліцца з Еўрарадыё палітолаг казахстанскага Інстытута Азіяцкіх даследаванняў Султан Акімбекаў. Дарагая растаможка замежнага “аўтасмецця” вымушае казахаў набываць расійскі аналаг.
Султан Акімбекаў: “67% усяго экспарту АўтаВАЗа ідзе ў Казахстан. Зразумела, для нас гэта таксама пытанне яшчэ тое: калі б у нашых пакупнікоў быў выбар, то яны наўрад ці набывалі б прадукцыю АўтаВАЗа ў такой сітуацыі”.
Султан Акімбекаў
Карацей, беларускіх ды казахскіх аўтаўладальнікаў зраўнялі з расійскімі, і на карысць першым двум гэта не пайшло. Як, дарэчы, і простым рабочым нашых аўтазаводаў. Калі раней нам абяцалі, што, да прыкладу, беларускія МАЗы з БелАЗамі будуць з рукамі адрываць у бязмежнай Расіі ды ў Казахстане, аб’ёмы вытворчасці вырастуць, а следам за імі і заробкі, то і гэтага няма. А ёсць скарачэнне аб’ёмаў, заробкаў і працоўнага тыдня. Не менш складанасцяў і ў Казахстане, які вырашыў вырабляць у сябе аўтамабілі “Лада”.
Султан Акімбекаў: “Але сёння высвятляецца, што мы не можам экспартаваць на расійскі рынак нічога! Бо — утылізацыйны збор, і атрымліваецца, што любы аўтамабіль, які ідзе з нашай тэрыторыі на расійскую, аўтаматычна абкладаецца гэтым зборам, што прыводзіць да цэлага шэрагу праблем”.
Зраўняліся з расійскімі, чытай — выраслі, кошты ў Казахстане і Беларусі на цэлы шэраг прадуктаў харчавання і вытворчасці. Тыя ж малако ды хлеб. Адзінае, адзначае беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук, дзякуючы Мытнаму саюзу ў нас нізкая “камуналка”.
Яраслаў Раманчук: “Бо Расія прапанавала нам вельмі танныя газ і нафту. Яшчэ гэта дало магчымасць ільготнага крэдытавання будаўніцтва жылля, стымуляванне попыту ўнутры краіны. Гэта — магчымасць нічога не рабіць у структурных рэформах і закрываць вочы на праблемы з рынкам працы”.
Яраслаў Раманчук
Праўда, прагназуе Раманчук, гэтыя інтэграцыйныя датацыі, падзяка Расіі за ўваходжанне Беларусі ў Мыты саюз, скончацца ў 2017 годзе. І што тады будзе з тарыфамі ЖКГ? Ільготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля і сёння маюць толькі міліцыянты, супрацоўнікі КДБ, пракуроры, суддзі… А таннага бензіну, на які мы чамусьці спадзяваліся, так і не атрымалі.
На мяжу выжывання паставіў Мытны саюз дробных гандляроў. Ад беларускіх іпэшнікаў патрабуюць адмысловую мытнасаюзаўскую “дэкларацыю адпаведнасці для тавараў лёгкай прамысловасці”. А з імі праблема. Зусім як у казахскіх калег-бізнесменаў.
Султан Акімбекаў: “Ідзе выцясненне нашага дробнага вытворцы вытворцам расійскім. Уключна самую простую прадукцыю. І гэта становіцца сур’ёзным негатыўным фактарам, і сярод насельніцтва відавочных пераваг ад знаходжання ў Мытным саюзе ніхто не адчуў”.
А вот расіяне эфект адчулі, сцвярджае расійскі эканаміст, былы галоўны аналітык Аналітычнага цэнтра прэзідэнта РФ, дырэктар Інстытута праблем глабалізацыі Міхаіл Дзялягін. Гэта ж тычыцца казахскіх і беларускіх гастарбайтараў, якім Мытны саюз дазволіў спакойна зарабляць у Расіі грошы.
Міхаіл Дзялягін: “За апошнія два гады ў нас колькасць крамаў, якія гандлююць беларускімі таварамі, рэзка вырасла. Калі раней крама беларускай вопраткі выклікала пытанне: “Што гэта?!”, то зараз гэта неад’емны пейзаж Масквы. Калі раней ніхто не ведаў, што існуюць беларуская каўбаса і беларускія малочныя прадукты, то зараз іх шукаюць…”
Міхаіл Дзялягін
А чаму не шукаць, здзіўляюцца суразмоўцы Еўрарадыё, калі яны ў Маскве чамусьці каштуюць танней, чым у Беларусі?! Гэта так нашы, тлумачаць эканамісты, заваёўваюць расійскі рынак: там прадаюць танней, са стратамі для сябе.
Навошта такі саюз? Гэта пытанне каштоўнаснага выбару, упэўнівае Дзялягін. Маўляў, калі беларусы і казахі гатовыя знішчыць сваю эканоміку дзеля таго, каб іх дзеці і ўнукі атрымалі магчымасць працаваць афіцыянтамі і пасудамыйкамі ў еўрапейскіх гатэлях — ідзіце ў Еўрапейскі саюз. Не гатовыя — заставайцеся ў Мытным. Пытанне аб выхадзе Казахстана з Мытнага саюза не стаіць, кажа Султан Акімбекаў. Але трэба зрабіць яго “рэвізію” — перагледзець законы гэтага ўтварэння такім чынам, каб яны працавалі на карысць не толькі Расіі. Пачакаць, пакуль Мытны саюз запрацуе нармальна, раіць і Яраслаў Раманчук. Але калі гэта здарыцца і калі карысць ад гэтага саюза адчуюць простыя людзі, ніхто з экспертаў прадказаць не бярэцца.
У Мытны саюз упарта цягнуць Украіну, але яна не менш упарта не жадае падпісваць "васальную дамову з Расіяй"
Фота: telegrafist.org, http://kommersant.ru, vesti.kz Еўрарадыё