Казахстан збіраецца больш актыўна прасоўваць свае тавары ў Беларусь
Сустрэча ўрадавых дэлегацый Беларусі і Казахстана / @government_by
Казахстан збіраецца больш актыўна прасоўваць свае тавары ў Беларусь. Ужо абноўлены пералік патэнцыйных экспартных пазіцый. Найбліжэйшым часам яго перададуць на разгляд кіраўніцтву Беларусі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Казахстана Аліхан Смаілаў на сустрэчы з беларускім калегам Раманам Галоўчанкам, піша выданне "Власть".
"На дадзеным этапе мы гатовыя сумесна прапрацаваць пастаўкі 105 відаў несыравінных тавараў у розных галінах", — сказаў Смаілаў. Паводле яго словаў, адным з прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва будзе прамысловая кааперацыя. Ужо запушчана сем праектаў, створана паўтары тысячы рабочых месцаў. Яшчэ два праекты знаходзяцца на стадыі рэалізацыі.
Галоўчанка са свайго боку казаў пра супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, прапаноўваў дапамагчы са стварэннем таварна-малочных комплексаў па беларускіх тэхналогіях у Казахстане.
"Власть" нагадвае, што летам у Мінска і Астаны ўзнікалі рознагалоссі з нагоды гандлю алкаголем. У Казахстане казалі, што Беларусь не дае экспартаваць спіртное, пагражалі мерамі ў адказ. У выніку за першае паўгоддзе экспарт казахстанскага алкаголю ў Беларусь аказаўся роўны нулю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.