КДБ затрымаў буйнога чыноўніка Мінгарвыканкама
Камітэт дзяржбяспекі паведаміў пра затрыманне групы службовых асобаў на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкаму Сяргеем Барысевічам. Агулам спецслужбы затрымалі і ўзялі пад варту яшчэ дзесяць чалавек.
Як паведамляецца на сайце КДБ, затрыманых падазраюць, у тым ліку, у атрыманні хабараў у буйным і асабліва буйным памеры. Грошы яны атрымоўвалі ад прадстаўнікоў прыватных фірмаў за заключэнне дамоваў (закупкi па завышаных цэнах і г.д.) з падпарадкаванымі прадпрыемствамі і арганізацыямі.
На затрыманых пачалі крымінальныя справы за атрыманне хабару і пасярэдніцтва ў хабарніцтве. Максімальнае пакаранне, якое ім пагражае, — 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Паводле інфармацыі партала tut.by, затрыманне адбылося ў мінулую суботу, 8 красавіка. Дарэчы, у Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама яшчэ сёння журналістам казалі, што ў Барысевіча падоўжаны адпачынак.