Хлопец, не ведаючы, дапамагаў злачынцам атрымліваць наяўнымі скрадзеныя грошы
Фігурант мусіў здымаць з рахунку скрадзеныя грошы / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Хлопец і дзве дзяўчыны зрабіліся фігурантамі крымінальнай справы аб незаконным абароце сродкаў плацяжу. Яны дапамагалі кіберзлачынцам атрымліваць наяўнымі грошы, выкрадзеныя ў беларусаў, і пераводзіць іх за мяжу. Пра гэта расказалі ў МУС.
Схема працавала каля года. Хлопец кажа, што дапамагчы яго папрасіў знаёмы. Трэба было аформіць банкаўскую картку і перыядычна здымаць з яе сумы, якія паступалі на рахунак. Знаёмы сказаў, што ніякага крыміналу няма, усе аперацыі неабходныя для абмену крыптавалюты. За гэтыя паслугі хлопец атрымліваў да 2 тысяч рублёў на тыдзень.
Разам з ім затрымалі яшчэ дзвюх дзяўчат, прычым адной з іх — толькі 17 гадоў. Іх задачай было шукаць людзей, якія згаджаліся адкрыць такія ж рахункі. У выніку ў ашуканскую схему было залучана каля 30 чалавек. Праз іх карты прайшлі дзясяткі тысяч выкрадзеных у беларусаў рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.