Кінафестываль “Лістапад” пачаў аб’яўляць пераможцаў
25-ы па ліку міжнародны кінафестываль “Лістапад” пачаў аб’яўляць пераможцаў. Найлепшым фільмам Конкурсу нацыянальных кінашкол стаў “Той жа боль” дацкага рэжысёра, які вучыцца ў польскай Лодзі — Петэра Санда Магнусэна. Прызамі таксама адзначаныя працы “Адчужэнне” кірзізкі Бегім Жалдубай-кызы, “На ўсход” кітаянкі Імэн Джан і “Скачкі Бруна” нідэрландкі Мірны Эверхард. Усяго ў межах Конкурсу нацыянальных кінашкол было прадстаўлена 25 стужак ад маладых дакументалістаў.
Таксама названыя найлепшыя фільмы для дзяцей і падлеткаў у межах “Лістападзіка”. Залаты “Лістападзік” дастаўся кенійска-нямецкай стужцы “Супа Мода” Лікарыёна Вайнайны. Прызамі адзначаныя таксама тайваньская карціна “Ведае толькі мора”, італьянска-швейцарская стужка “Уцёкі ў Рым”, казахскі фільм “На мяжы” і эстонская карціна “Таварыш дзіця”.
Кінафестываль “Лістапад” працягнецца да 9 лістапада. Фестывальныя паказы праходзяць у кінатэатрах “Піянер”, “Цэнтральны”, “Масква”, “Мір”, “Беларусь”, у Falkon Club і Музеі беларускага кіно.