Кіраўніцтва ЕС ведае, што "Аўтуховіч — апанент рэжыму Аляксандра Лукашэнкі"

Еўрасаюз лічыць, што "актыўная пазіцыя Мікалая Аўтуховіча па такіх пытаннях, як правы бізнесменаў, воінаў-афганцаў і карупцыі ў яго родным рэгіёне, магла адбіцца на яго прыгаворы". Пра гэта заявілі БелаПАН у прэс-службе вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх сувязях Кэтрын Эштан. У прэс-службе адзначылі, што ім вядомыя прыгаворы, якія Вярхоўны суд вынес 6 траўня па гэтак званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, а таксама пазіцыя актывістаў апазіцыі і абаронцаў правоў чалавека ў адносінах да следства і суда. У ЕС таксама ведаюць, што "Аўтуховіч — былы палітзняволены і апанент рэжыму прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі".

"Еўрасаюз працягне знаёмства са справай, а таксама можа разгледзець далейшыя крокі", — адзначылі ў прэс-службе вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх сувязях.

Нагадаем, 6 траўня Мікалай Аўтуховіч быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Уладзімір Асіпенка — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яшчэ дваіх абвінавачаных — былога работніка фірмы Аўтуховіча Аляксандра Ларына і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова — адпаведна да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму без пазбаўлення права займаць кіруючыя пасады.

Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка і Ларын — у захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, Казлоў — у тым, што ён ведаў пра знаходжанне на тэрыторыі школы-ліцэя № 1 Гродна гранатамёта, але не паведаміў пра гэта.

Глядзі таксама: Аўтуховічу далі 5 гадоў за 5 патронаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі