Кіраўнік Акадэміі навук расказаў, што прыносіў на нараду да Лукашэнкі
Уладзімір Гусакоў (злева) падрыхтаваўся да выступу Васіля Герасімава
Кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў расказаў пра нядаўнюю нараду ў Аляксандра Лукашэнкі працоўнай групы па аналізе дзейнасці НАН. На ёй гучала шмат крытыкі, згадваліся сур'ёзныя пралікі. Той жа Лукашэнка сказаў, што "з такой навукай, як у нас, мы не паскорымся і поспехаў не даможамся". З дакладам выступаў кіраўнік згаданай працоўнай групы ці камісіі Васіль Герасімаў (старшыня КДК). Але Гусакоў "згуляў на папярэджанне".
"Мы павінны ў бліжэйшы час атрымаць даклад камісіі, які грунтоўна прааналізуем і прымем меры да рэалізацыі, — цытуе словы Уладзіміра Гусакова БЕЛТА. — Разам з тым мы падрыхтавалі свой даклад і перадалі яго кіраўніку дзяржавы. Ён змяшчае як вынікі і дасягненні Акадэміі навук і беларускай навукі, так і прапановы па ўдасканаленні дзейнасці Акадэміі навук і па павышэнні эфектыўнасці навукі ў цэлым".
Лукашэнка, відаць, проста на нарадзе даручыў перадаць даклад Гусакова "ўсім зацікаўленым, уключаючы Камітэт дзяржаўнага кантролю".
"Мы абмяняліся дакладамі, зараз будзем вывучаць даклады адзін аднаго і выпрацоўваць канструктыўныя падыходы...", — кажа кіраўнік Акадэміі навук.
Аляксандр Лукашэнка загадаў праверыць Акадэмію навук у чэрвені 2024-га (ён западозрыў, што ў Акадэміі навук яго падманваюць). Была створана працоўная група на чале з галоўным кантралёрам. Стаяла задача найперш вывучыць пытанні "практыка-арыентаванасці і выніковасці навуковых даследаванняў і распрацовак навукоўцаў", іх укаранення ў эканоміцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.