Кіраўнік беларускага МЗС выказаўся пра падзеі ў Крыме
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас візіту ў Літву даў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву BNS.
У сваім выступе беларускі дыпламат адзначыў: "Не хацелася б, каб ва Украіне адбылася, скажам так, "югаславізацыя", як гэта было ў свой час на Балканах. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Украіна засталася стабільнай, тэрытарыяльна цэласнай, незалежнай дзяржавай, каб там не было таго, што адбываецца сёння. Я назваў гэта трагедыяй".
Макей адзначыў, што Беларусь не адмаўляецца ад кантактаў з цяперашнім складам украінскага ўрада, хаця яго легітымнасць яшчэ трэба прааназізаваць.
Гаворачы пра падзеі ў Крыме, кіраўнік беларускай дыпламатыі заявіў, што неабходна валодаць усёй поўнасцю інфармацыі, каб даваць ацэнку паводзінаў Расіі, Злучаных Штатаў Амерыкі ды іншых дзяржаў: "Трэба разумець, што ў тым жа самым Крыме пражывае велізарная колькасць людзей, якія не зусім згодныя з тым, што адбываецца ў Кіеве. Сапраўды таксама ўсходняя частка Украіны прытрымліваецца ў пэўнай меры іншых поглядаў, чым заходняя частка Украіны. Такі менталітэт ўкраінскага народа". Макей лічыць, што "праблема Украіны цяпер палягае ў тым, каб аб'яднаць вось гэтыя адрозныя часткі".
Дыпламат адзначыў, што падзеі Майдана ва Украіне сталі магчымымі дзякуючы вялікай карупцыі ва ўладных структурах. У Беларусі, на яго думку, такія падзеі немагчымыя, бо ў нас няма такога ўзроўню карупцыі.
Акрамя таго, Макей заявіў, што Беларусь магла б даць палітычны прытулак прадстаўнікам Украіны, калі б бачыла, што людзі неабгрунтавана пераследуюцца. "Пакуль такой інфармацыі ў нас няма", — дадаў ён.
Фота — mfa.gov.by