Кіраўнік "Раснафты" Ігар Сечын хоча аднаасобна пастаўляць нафту ў Беларусь
Пра гэта сёння піша расійская газета "Коммерсант".
"Раснафта" хоча пераключыць на сябе ўсе прыбытковыя кантракты з Беларуссю, у тым ліку ад іншых нафтавікоў. І гэтая ідэя, нібыта, спадабалася Аляксандру Лукашэнку.
Таксама Ігар Сечын гатовы стаць "нефармальным куратарам" эканамічных сувязяў дзвюх краін, напрыклад, планаў расійскіх інвестараў па набыцці беларускіх прадпрыемстваў, сцвярджае "Коммерсант".
Сітуацыя са скарачэннем паставак нафты мусіла быць абмеркаваная на сустрэчы расійскага віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча і яго беларускага калегі Уладзіміра Сямашкі. Але, як піша расійскае выданне, візіт Ігара Сечына ў Мінск "змяніў планы, і сустрэча перанесеная на нявызначаны тэрмін". Квартальны графік экспарту нафты ў нашу краіну, нібыта, павінен быць зацверджаны 12 верасня.
Нагадаем, у сераду ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Ігарам Сечыным. Апошні заявіў, што "Раснафта" збіраецца развіваць супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі "па ўсіх напрамках". Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сечыну за праяўленую прынцыповасць у пытаннях абавязацельстваў расійскага боку па пастаўках нафты на беларускія прадпрыемствы.