Кітай хоча сарваць выбары ў ЗША, а Расія — Алімпіяду ў Парыжы. #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
Усход працягвае плесці падступныя сеткі для Захаду. Кітай хоча паўплываць на вынікі выбараў у ЗША, а Расія — сарваць Алімпіяду ў Парыжы.
На гэтым фоне навіна, што мужчыны будуць часцей хварэць на рак прастаты, нават неяк губляецца. Але мы ўсё роўна ўключылі яе ў штодзённую падборку замежных навін.
Расія зрывае Алімпійскія гульні, на якія яе не пускаюць
На пытанне журналістаў, ці хоча Расія перашкодзіць правядзенню Алімпіяды ў Парыжы, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон адказаў: "Несумненна, у тым ліку ў інфармацыйным полі".
МАК дапусціў расійскіх спартоўцаў на летнія Алімпійскія гульні 2024 года ў нейтральным статусе — без сцяга і гімна. Да іх выстаўляюцца і дадатковыя патрабаванні: ні самі спартоўцы, ні чальцы іх трэнерскага штаба не павінныя выступаць з актыўнай падтрымкай расійскага ўварвання ва Украіну.
Расіянам гэта, вядома, не падабаецца. Французскія ўлады кажуць, што з нядаўняга часу Расія ўзмацніла прапагандысцкі націск, выкарыстоўваючы фэйкавыя акаўнты ў сацсетках для распаўсюду чутак і дэзінфармацыі.
Францыя таксама лічыць, што менавіта расійскія спецслужбы стаялі за акцыяй у Парыжы, калі пасля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка на сценах дамоў у французскай сталіцы з'явіліся зоркі Давіда. У гэтым убачылі спробу прынесці раскол у французскае грамадства.
Кітай прасоўвае сваіх на выбарах у ЗША, Паўднёвай Карэі і Індыі
У 2024 годзе Кітай паспрабуе паўплываць на выбары ў ЗША, Паўднёвай Карэі і Індыі з дапамогай кантэнту, створанага штучным інтэлектам. Пра гэта папярэдзіла Microsoft.
У кібератаках, якія падтрымлівае кітайска дзяржава, будзе ўдзельнічаць і Паўночная Карэя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.