Колькасць 100-бальнікаў па беларускай мове за год вырасла амаль у 10 разоў
Іспыты / Shutterstock.com, ілюстрацыйнае фота
100-бальнікаў па беларускай мове сёлета амаль у 10 разоў больш, чым летась, па рускай — у 7 разоў. Як такое можа быць?
Усё проста: сёлета Мінадукацыі перавяло беларускіх выпускнікоў з цэнтралізаванага тэставання на цэнтралізаваны экзамен. Гэта выпускны іспыт, сумешчаны з уступным: вынікі залічваюцца пры паступленні. І вось што атрымалася:
— 100 балаў па беларускай мове на ЦЭ-2023 атрымалі 413 выпускнікоў. Летась, на ЦТ-2022, такіх было ўсяго 43. У 2021-м — 40, у 2020-м — 78, у 2019-м — 43 (42 + 1 у рэзервовы дзень).
— 100 балаў па рускай мове на ЦЭ-2023 атрымалі 482 выпускнікі. Летась, на ЦТ-2022, іх было 67. У 2021-м — 65, у 2020-м — 27, у 2019-м — 36.
Дык што, можна зрабіць выснову, што за год у Беларусі стала нашмат лепш з адукацыяй? Відаць, на гэта і разлічваюць у Мінадукацыі. "Павелічэнне колькасці 100-бальных вынікаў у параўнанні з мінулымі гадамі можна растлумачыць, у першую чаргу, поўнай карэляцыяй тэставага матэрыялу з навучальнай праграмай, выключэннем заданняў 5-га ўзроўню складанасці", — тлумачаць чыноўнікі.
А эксперты заўважаюць, што спрашчаючы і перапісваючы тэсты, змяняючы сістэму ацэньвання чыноўнікі хаваюць рэальную сітуацыю з адукацыяй у Беларусі. І гэта, відаць, праўда, бо з паслядоўнымі крытыкамі сістэмы адукацыі ўлады распраўляюцца — жорстка і бессаромна. Як гэта было з рэпетытарам Яўгенам Лівянтам, якога асудзілі на тры гады "хатняй хіміі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.