Колькі людзей прыйшло на свята #БНР100 да Опернага тэатра ў Мінску

Колькі людзей прыйшло на свята #БНР100 да Опернага тэатра ў Мінску

На кадры, знятым з дрона журналістамі “Радыё Свабода”, бачна сапраўднае мора людзей, якія 25 сакавіка прыйшлі да Опернага тэатра ў Мінску адсвяткаваць сотыя ўгодкі ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Фота зробленае тады, калі колькасць публікі дасягнула свайго піку. Гледачы дысцыплінавана абступаюць фантан і амаль не выходзіць на зялёную зону, але запаўняюць амаль усю магчымую прастору перад тэатрам і на алеях Траецкай гары:

Колькі людзей прыйшло на свята #БНР100 да Опернага тэатра ў Мінску
Фота: "Радыё Свабода"

Перад канцэртам мы вылічвалі максімальную і “камфортную” колькасць гледачоў, якія могуць адначасова знаходзіцца на пляцоўцы перад тэатрам: 71700 і 32000 чалавек адпаведна. Але мы не ўлічылі, што беларусы не захочуць таптаць газоны нават у Дзень Волі. Плошча, якую яны занялі, апынулася нашмат меншай за меркаваную.

З дапамогай сэрвіса Google Earth мы падлічылі яе па фота, зробленым з дрона:

Колькі людзей прыйшло на свята #БНР100 да Опернага тэатра ў Мінску

У нас атрымалася крыху менш за 8600 м2.

Разлічваем колькасць гледачоў па формуле Джэкабса

Герберт Джэкабс у 1960-х быў прафесарам журналістыкі ва ўніверсітэце Каліфорніі ў Берклі. Са свайго кабінета ён назіраў за студэнтамі, якія пратэставалі супраць вайны ў В'етнаме. Пляцоўка была падзеленая на квадраты, таму Джэкабс лёгка разлічыў сярэднюю колькасць дэманстрантаў на адзінку плошчы для шчыльнага (1 чалавек на 4,5 квадратнага фута) і рэдкага (1 чалавек на 10 квадратных футаў) натоўпу.

У 1 м2 прыблізна 10,7 квадратнага фута, а ў 8571,55 м2 — 91715,5 квадратнага фута. Гледачы стаялі шчыльна, але пры жаданні без праблем можна было дайсці да самай сцэны, амаль не выбачаючыся за штуршкі. А частку месца занялі намёты.

Па формуле Джэкабса, на фота перад Оперным тэатрам — прыкладна 9000 чалавек.

Але ж гэта далёка не ўсе гледачы: людзі прыходзілі і сыходзілі

Не ўсе гледачы правялі на Траецкай гары ўсе пяць гадзін ад пачатку да заканчэння мітынгу, ратацыя была даволі актыўнай. Людзі сыходзілі ад Опернага тэатра, каб пагрэцца ды паесці, бо не ва ўсіх была ахвота стаяць нават у параўнальна невялікіх чэргах на фудкорце. Шмат хто прыйшоў на канцэрт з дзецьмі, якім рана ці позна хацелася пайсці дадому. Але на месца гэтых гледачоў прыходзілі новыя.

Ацаніць ратацыю вельмі цяжка — тут погляды могуць разыходзіцца. Па нашых назіраннях, лічбу ў 9000 можна смела павялічваць удвая.

Выснова Еўрарадыё: свята, прысвечанае стагоддзю абвяшчэння БНР, наведала каля 18000 чалавек.

Акцыя стала самай масавай за апошнія сем гадоў. Столькі людзей у цэнтры Мінска апазіцыя збірала пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Але тады быў пратэстны мітынг з сумным заканчэннем. А 25 сакавіка 2018 года застанецца ў памяці мінчан як сонечнае свята. Што праўда, азмрочанае затрыманнямі апазіцыйных актывістаў, праваабаронцаў і простых людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі