Кожны дзень у Беларусі забіваюць дзясяткі бакланаў: за што?

Ацалелыя птушаняты / vkurier.info
Ацалелыя птушаняты / vkurier.info

Пад Новалукомлем невядомыя расстралялі калонію бакланаў. Мясцовая жыхарка, якая падзялілася з "Витебским курьером" страшнымі фотаздымкамі знішчаных птушак, мяркуе, што бакланаў перастралялі рыбакі.

Здымкі і праўда выглядаюць жудасна: тушкі птушанят ляжаць на зямлі, іх бацькі звісаюць з раскіданых гнёздаў.

Гісторыя супрацьстаяння рыбакоў і бакланаў не новая. Птушкі рыбачаць лепш, чым людзі. Людзей гэта раздражняе.
 

"Штодзень адстрэльваем 20-30 птушак"

Калі паглядзець на фатаграфіі мёртвых птушак, пытанняў, каго ў гэтым супрацьстаянні шкадаваць — не паўстае. Калі патэлефанаваць у рыбгасы, іх супрацоўнікаў таксама становіцца шкада. Чароды бакланаў штодня з'ядаюць кілаграмы рыбы, якую яны гадуюць. А гэта ўсё грошы.

У адным з рыбгасаў, супрацоўнікі якога пагутарылі з Еўрарадыё, бакланаў назвалі коратка: "Наша бяда". Бакланы — добрыя нырцы. Яны вылоўліваюць рыбу на глыбіні да двух метраў. І могуць захапіць за раз да пяцісот грамаў.

— Бакланы нападаюць на нас, мы таксама з імі змагаемся, — расказваюць Еўрарадыё ў рыбгасе. — Ёсць месцы, дзе іх па сотні. Садзяцца на сажалку і пачынаюць лавіць рыбу. Адзін баклан да двух кілаграмаў рыбы ў дзень з'ядае!

Па законе на рыбгасах бакланаў можна знішчаць амаль круглы год. Чым там і займаюцца.

— Штодзень адстрэльваем 20-30 птушак, часам даходзіць да 50. Але іх не становіцца менш. Яны ўсё дадаюцца і дадаюцца.

Адзін паляўнічы здабывае ў дзень 14-15 бакланаў. Яны прыходзяць на тэрыторыю рыбгаса са сваімі стрэльбамі і патронамі. Ім за гэта плацяць рыбай. За кожнага забітага баклана — тры кіло рыбы, за кожную забітую чаплю — два кілаграмы.

Каждый день в Беларуси убивают десятки бакланов: за что?
Бакланы — выдатныя нырцы і паляўнічыя / Новости сибирской науки

— Паляўнічыя здаюць нам лапы і дзюбы. Завялі спецыяльны журнал, у якім яны рэгіструюць свае трафеі. У канцы года падлічваем, — кажа дырэктар рыбгаса.

Мяса бакланаў выкідаюць. У ежу яго ўжываюць вельмі нямногія — ад яго занадта моцна пахне рыбай.

З 1 да 30 траўня адстрэльваць бакланаў нельга. У іх перыяд гнездавання. Жывуць у лесе, жывіцца прылятаюць на рыбгас. Тады дырэктар проста глядзіць, як яны ядуць яго рыбу.

— А ёсць людзі, якія заступаюцца за бакланаў?

— Я такіх не сустракаў, — кажа дырэктар рыбгаса. — Мясцовыя жыхары гэтага не бачаць, усё адбываецца на рыбгасе. Нават, напэўна, не ведаюць, што ў нас такая бяда ёсць.

 

АПБ: бакланы не забіраюць у прыроды апошняе — у адрозненне ад чалавека

— Гэтая тэма штучна ўскладненая, — кажа дырэктар "Аховы птушак бацькаўшчыны" Аляксандр Вінчэўскі. — Нашы людзі лічаць гэтых птушак інвазійным відам, які апанаваў Беларусь толькі ў 1990-х гадах. Насамрэч бакланы, як і белыя чаплі, жылі ў Беларусі яшчэ ў XIX стагоддзі. Хутчэй за ўсё, іх знішчылі, а ў 90-х яны вярнуліся.

Каждый день в Беларуси убивают десятки бакланов: за что?
Чорны баклан / "Бизнес-Вектор"

Так, бакланы і чаплі ядуць рыбу. Без рыбы яны проста не могуць жыць, гэта іх асноўная ежа. Але людзі перабольшваюць апетыты бакланаў, кажа Вінчэўскі.

— Недалёка ад майго лецішча знаходзіцца рыбгас, вакол — мноства бакланаў. Але я толькі некалькі разоў на год бачу баклана, які праглынае рыбу. А людзі, нагледзеўшыся такіх ролікаў у інтэрнэце, лічаць, што рыбу бакланы ядуць кілаграмамі. На справе птушка з'ядае 500-700 грамаў рыбы ў дзень. Людзі вылоўліваюць у вадаёмах нашмат больш.

Прычым, калі гаворка пра натуральны вадаём, то, у адрозненне ад чалавека, баклан не забярэ ў прыроды апошняе. І бакланы, і чаплі — яшчэ адны ворагі рыбаловаў — жывуць толькі ў мясцінах, дзе рыбы шмат.

— Яны не будуць паляваць там, дзе яе мала. Калі шчыльнасць рыбы апускаецца ніжэй пэўнага парога, бакланы сыходзяць, даюць рыбе аднавіцца. У адрозненне ад чалавека, які можа вылавіць усё.

 

"Проста баклан паспяховейшы за цябе"

Цяпер знішчаць бакланаў у перыяд размнажэння і на натуральных вадаёмах нельга. А раней, кажа Вінчэўскі, ён не раз назіраў, як паляўнічыя раскідвалі гнёзды. Прыходзілі ўвечары, калі птушкі сядзелі на яйках. Тушкі не забіралі, так і пакідалі ляжаць на зямлі.

Так было з чаплямі. На іх абарону ўставалі толькі мясцовыя жыхары, якія пагражалі паламаць паляўнічым стрэльбы, успамінае кіраўнік АПБ.

У 2011 годзе на возеры Лукомскім — тым самым, дзе адбылася цяперашняя бойня, — бакланаў ужо знішчалі. Паколькі рыбгасы плацяць паляўнічым за дзюбы птушак, некаторыя з іх вырашылі не забіваць птушанят, а "проста" адрэзаць ім дзюбы. Пасля гэтага ў правілы палявання і рыбалоўства ўнеслі змены.

У АПБ кажуць, што барацьбу з бакланамі ў рыбгасах яшчэ можна зразумець. Але бакланаў знішчаюць і многія звычайныя рыбакі. Яны таксама бачаць у птушак канкурэнтаў у здабычы рыбы.

— Бакланы — нашы абарыгенныя віды. Яны павінны жыць на натуральных вадаёмах. І чалавек мае на рыбу не больш права, чым яны. Так, баклан — гэта канкурэнт чалавека. Але мы ж не забіваем на паляванні іншых паляўнічых, нашых канкурэнтаў.

У нас і культура адпушчання рыбы з'явілася нядаўна. А ў Еўропе і Амерыцы рачную рыбу ловяць толькі для задавальнення, амаль усю адпускаюць. І там рыбакі радуюцца, калі бачаць бакланаў. А ў нас бакланам зайздросцяць — маўляў, птушка злавіла, а я не магу.

 

Не будзь бакланам — рыбач з бакланам

Мы папрасілі дырэктара АПБ даць параду: як баклану і чалавеку памірыцца? Па-першае, трэба заўважыць, што баклан — гэта прыгожа.

— Паглядзіце, як прыжыліся ў той жа Амерыцы пеліканы. Яны сядзяць на верфях, на набярэжных, людзі ледзь не ў абдымку з імі фатаграфуюцца.

Наш вялікі баклан таксама вельмі прыгожая птушка. Ён варанога колеру. У час размнажэння, калі апранае шлюбны ўбор, у яго з'яўляюцца белыя плямы на сцёгнах і прыгожая сівізна на галаве.

А яшчэ ў іх прыгожыя смарагдавыя вочы, якія мала хто бачыць, таму што ў Беларусі баклан не падпускае чалавека бліжэй чым на адлегласць стрэлу.

Прыручаць бакланаў у нас забаронена. Але ў АПБ мяркуюць, што прыручэнне якраз магло б стаць стратэгіяй замірэння паміж рыбаком і птушкай. І прыводзяць прыклад: у Кітаі практыкуюць рыбалку разам з бакланамі. Беларускім аграсядзібам такая ідэя магла б спадабацца.

А так чалавек і баклан ужываюцца ў Кітаі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі