Кожны соты беларускі бацька сядзіць у дэкрэце
А ў Германіі, дзе існуе спецыяльны адпачынак для бацькаў, дома з дзіцем застаецца амаль кожны 5 тата
Як даведалася Еўрарадыё, толькі 1 са 100 дэкрэтных адпачынкаў у Беларусі бярэ мужчына. На думку намесніцы начальніка галоўнага ўпраўлення занятасці і палітыкі народанасельніцтва Міністэртсва працы і сацыяльнай аховы Таццяны Шаметавец, таты не хочуць больш актыўна ўдзельнічаць у доглядзе за дзецьмі з-за стэрэатыпаў і па фінансавых прычынах.
Таццяна Шаметавец: “Ну, напэўна, вінаваты стэрэатып, што маці павінна сядзець з дзіцёнкам. Ну, а па другое, таты ж працуюць, яны ж і зарплату атрымліваюць іншую, чым мамы. У асноўным жа ў нас зарплата жанчын ніжэйшая, чым зарплата мужчынаў, таму што яны занятыя ў галінах, якія горш аплачваюцца. А тут тату трэба будзе перайсці з зарплаты на дапамогу па доглядзе за дзіцёнкам”.
Яно і не дзіўна, памер дапамогі па доглядзе за дзіцем сёлета складае 250 тысяч рублёў, і гэта з улікам павышэння. На 220 тысяч мам у 2008 годзе прыйшлося толькі 2 126 татаў-ахвотнікаў застацца за нованароджаным. Знайшлося ў Беларусі і 165 бабуляў і 8 дзядуляў у дэкрэтным адпачынку. А вось звестак за 2009 год пакуль няма, таму што іх спецыяльна ніхто не падлічвае, даведалася Еўрарадыё ад Таццяны Шаметавец.
А вось у Еўрасаюзе ўсё больш татаў вырашаюць застацца дома з нованароджанымі дзеткамі. За апошні час іх колькасць вырасла ў сярэднім у 2 разы па ЕС. Напрыклад, у Славеніі 5% татаў карыстаюцца так званым “бацькоўскім адпачынкам”. Кожны бацька можа застацца дома з жонкай і дзіцем на 3 месяцы, але цалкам аплачваюцца толькі 2 тыдні. На думку славенскага сацыёлага Соні Локар, нават гэтыя некалькі дзён могуць шмат змяніць.
Соня Локар: “Нават нягледзячы на вельмі кароткі час, ён сур’ёзна ўплывае на паводзіны мужчыны. Яго сувязь з дзіцёнкам узмацняецца. Ён сапраўды бачыць працэс выхавання цалкам на працягу ўсяго дня, а не толькі цягам некалькіх гадзінаў, калі вяртаецца з працы”.
Паводле дырэктывы Еўракамісіі, кожны з бацькоў мае права на мінімум 3 месяцы адпачынку па доглядзе за дзіцем. Пры жаданні яны могуць таксама перадаваць адзін аднаму нявыкарыстаны час або даглядаць за дзіцяці разам. А вось у Беларусі такой магчымасці не існуе, нягледзячы на тое, што даўжыня адпачынку ажно 3 гады, паведаміла Еўрарадыё Таццяна Шаметавец:
Таццяна Шаметавец: “Разам яны не могуць знаходзіцца ў адпачынку, вядома. Узяла мама, потым яна кажа: “Я пайду на працу”, і ўжо бацька бярэ адпачынак, але пры ўмове, што маці ідзе працаваць. Вось так яны могуць падзяліць свой адпачынак”.
У краінах ЕС даўжыня адпачынку па доглядзе за дзіцем вагаецца ад 15 тыдняў у Бельгіі, 26 тыдняў у Вялікабрытаніі да 12 месяцаў у Балгарыі і Германіі. З 2007 года нямецкія таты маюць па 2 месяцы адпачынку, якія не могуць перадаць жонкам. Аплачваецца ён на 67%, аднак штомесячная выплата павінна быць не менш за 300 еўра і не больш за 1800 еўра. У выніку прыняцця гэтага закона, колькасць нямецкіх татаў у дэкрэтных адпачынках павялічылася ажно ў 5 разоў і сёлета склала 18,6%.
У Беларусі ж пакуль няма асобнай праграмы, якая б заахвочвала татаў заставацца дома з маленькімі дзецьмі. Па словах Таццяны Шаметавец, на татаў з дзецьмі могуць звярнуць увагу ў будучыні.
Таццяна Шаметавец: “Плануецца распрацоўка новай праграмы “Дзеці Беларусі”, традыцыйнай прэзідэнцкай праграмы. Там, вядома, закладаюцца такія напрамкі, як пашырэнне магчымасцяў бацькоў займацца выхаваннем дзяцей, у тым ліку будзе надзяляцца ўвага ўдзелу татаў у выхаваўчым працэсе”.
А вось у праграме “Дзеці Беларусі” на 2006-2010 год, якая дзейнічае цяпер, Еўрарадыё не адшукала ніводнага ўспаміну пра татаў.
Фота: mama-papa-ja.ru