Красуліна: Казлова вывелі проста з участка, Мароз дома чакаюць дзеці
Мікалай Казлоў на агітацыйным плакаце падчас прэзідэнцкай гонкі 2020 года / Еўрарадыё
9 жніўня ў Мінску затрыманы палітык і давераная асоба Святланы Ціханоўскай Мікалай Казлоў. Па словах прэс-сакратаркі кандыдаткі ў прэзідэнты Ганны Красулінай, невядомыя забралі Казлова проста з участка для галасавання:
"Ён як звычайны грамадзянін прыехаў на ўчастак, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак — прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую. І калі пачаў галасаваць — прад'явіў дакументы, — яго правялі ў белы бусік і павезлі. Гэта паведамілі назіральнікі, якія, відаць, знаходзіліся каля ўчастка і бачылі, як яго саджаюць у бус. Больш мы пакуль нічога не ведаем — куды яго павезлі і за што", — сказала Красуліна ў размове з Еўрарадыё.
Красуліна кажа, што на вечар 9 жніўня затрымана 9 давераных асоб Святланы Ціханоўскай і чалавек, блізкі да каманды. Дагэтуль нічога не вядома пра начальніцу штаба кандыдаткі Марыю Мароз: 8 жніўня яе запіхалі ў сіні бус людзі ў цывільным у прысутнасці самой Святланы Ціханоўскай.
"У Марыі двое дзяцей — 2 і 14 гадоў. Па законе, калі ў жанчыны ёсць непаўналетнія дзеці, то яна не можа быць пакараная суткамі па адміністрацыйнай справе. Але ў нас у Беларусі такая хітрая сітуацыя: калі забіраюць людзей у пятніцу ці суботу, то трымаюць да суда, які праходзіць у панядзелак. Ёй дадуць штраф і адпусцяць. Але да гэтага яна будзе сядзець без адзення, без перадач, можа аказацца, што і без вады, як гэта ўжо было. Зноў жа кажуць, што на Акрэсціна ў сувязі з каранавірусам няма матрацаў, у гэтай сукеначцы лёгкай летняй яна апынецца на нарах", — абураецца Красуліна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.