Крымінальную справу экс-намесніка міністра прыпынілі з-за яго хваробы
Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.
Былога першага намесніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. У Следчым камітэце кажуць, што папярэдняе расследаванне працягнуць пасля лячэння абвінавачванага, перадае interfax.by.
Гаворка ідзе пра крымінальную справу наконт зрыву тэрмінаў пастаўкі і ўводу ў эксплуатацыю турбіннай устаноўкі на Бярозаўскай ДРЭС.
Следчыя, аднак, скончылі папярэдняе расследаванне супраць двух чалавек, якія фігуравалі ў справе пра Бярозаўскую ДРЭС. Гэта былы начальнік упраўлення матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў і вытворчай інфраструктуры "Белэнэрга" Гоўзіч і былы дырэктар ААТ "Белэнэргазабеспкамплект" Жукаў. Іх вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Матэрыялы справы накіраваныя ў пракуратуру для далейшай перадачы ў суд.
Следства паведамляе, што выявіла лабіяванне інтарэсаў расійскай кампаніі "Цеплаэнэргасэрвіс-ЭК" з Екацярынбурга.
Фота Эдуарда Таўпянца — bymedia.net