"Купалаўцы" прадставяць два праекты на фестывалі беларускай песні ў Польшчы
"Купалаўцы" рыхтуюцца выступіць на фестывалі "Бардаўская восень" у Польшчы / "Купалаўцы"
"Купалаўцы" прадставяць на фестывалі беларускай песні "Бардаўская восень" у Падляшскім ваяводстве Польшчы адразу два праекты: ужо знаёмы "Я гавару" і новы, "37-22".
Пачуць аўтарскі музычны праект "Я гавару" можна будзе 28 кастрычніка ў 18:00 у Бельскім доме культуры. Новы, "37-22", пакажуць 29 кастрычніка ў 19:30 у Беластоцкім Тэатры лялек. Гэта паэтычны спектакль беларускага рэжысёра і добрага сябра "купалаўцаў" Андрэя Саўчанкі. Гэты спектакль - спроба асэнсаваць, што агульнага паміж трыццатымі гадамі ХХ стагоддзя і сучаснасцю, спроба супаставіць далікатную музыку тэкстаў таго часу і яе водгук у цяперашнім дні.
“У трыццатыя беларускую літаратуру хацелі знішчыць, але пакаленні даследчыкаў, паэтаў і чытачоў ратавалі ад забыцця імёны, разбуралі маўчанне", — нагадваюць "Купалаўцы". У спектаклі занятыя Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Алег Гарбуз, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Міхаіл Зуй, Сяргей Чуб.
Уваход на ўсе мерапрыемствы бясплатны і без запрашэнняў. "Купалаўцы "таксама нагадалі, што фестываль "Бардаўская восень" — адзіны ў Падляшскім ваяводстве Польшчы і адначасова найбуйнейшы і найстарэйшы ў свеце фестываль, які прадстаўляе бардаўскую і аўтарскую песню на беларускай мове. Ён праводзіцца амаль 30 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.