"Куплю… рэгістрацыю ў доме ля гімназіі. 300 долараў"

"Куплю… рэгістрацыю ў доме ля гімназіі. 300 долараў"

На мінскіх слупах пачалі з'яўляцца незвычайныя аб'явы:


"З мэтай паступлення ў гімназію №7 гатовы заплаціць 250 рублёў за часовую прапіску, укладыш, без рэгістрацыі ў пашпарце па адным з наступных адрасоў..."

"Куплю… рэгістрацыю ў доме ля гімназіі. 300 долараў"
Фота Яўгена Лівянта

Справа ў тым, што ў студзені 2018 Аляксандр Лукашэнка з падачы Міністэрства адукацыі адмяніў уступныя экзамены ў пятыя класы гімназій. Тады ж было заяўлена, што паступаць у школы дзеці будуць выключна па тэрытарыяльнай прыкмеце. Усе гэтыя інавацыі ― ініцыятыва новага міністра адукацыі Ігара Карпенкі, які лічыць, што права на адоранага вучня павінна мець любая школа. Што не дзіўна, бо да прызначэння ў міністэрства Ігар Васілевіч узначальваў Камуністычную партыю Беларусі.


Звязваемся з аўтарам аб'явы. Маці будучага першакласніка Юлія кажа, што сапраўды спадзяецца такім чынам уладкаваць дзіця ў гімназію. Сям'я жыве за горадам, прадлёнкі ў мясцовай школе няма, у класах па 30 чалавек. Адзінае выйсце пры новых правілах — набыць рэгістрацыю ля гімназіі.


"Мы з мужам абодва працуем у Мінску, і нам зручна вазіць дзіця ў школу каля працы. Да таго ж, я лічу, што ў адукацыя ў гімназіях на лепшым узроўні, чым у школах, — распавядае Юлія.Мы размаўлялі з бацькамі. Ведаем, што ў гэтай гімназіі добрыя выкладчыкі і добры падыход да дзяцей".


У інтэрнэце таксама процьма падобных аб'яваў. Бацькі актывізаваліся перад пачаткам прыёму дакументаў у школы і гімназіі. Дачка мінчанкі Вольгі — будучая першакласніца, але яна ўжо дбае пра тое, каб пасля чацвёртага класа дзяўчынка працягнула вучыцца ў гімназіі. Аб'яву Вольгі мы знайшлі на адным з форумаў.


"Спчатку я планавала, што дзіця пойдзе ў нашу школу і правучыцца ў ёй да пятага класа. Але экзамены адмянілі, і каб не займацца ўладкаваннем у гімназію праз чатыры гады, мы вырашылі заняцца гэтым пытаннем цяпер", — тлумачыць Вольга.


Па яе словах, перад тым, як вызначыцца з гімназіяй, яна размаўляла з бацькамі, чые дзеці вучацца ў школе побач. І з настаўніцай, якая выкладае ў жаданай гімназіі.


"У гімназіі педагагічны склад лепшы. Мне, як маці, хочацца даць свайму дзіцяці добры старт. Я б хацела, каб у яго быў добры педагог", — працягвае Вольга, якая гатовая для дасягнення сваёй мэты выкласці з кішэні 300 долараў за прапіску.


У кампаніях, якія займаюцца рэгістрацыяй грамадзян у Мінску і раёне, пацвярджаюць: з красавіка запытаў на часовую прапіску "для таго, каб дзіця пайшло ў гімназію", стала больш. Але дапамагчы ім рэдка атрымоўваецца.


"Гэта пэўныя адрасы на пэўныя дамы. Гэта выпадак адзін на тысячу, што супадзе так, як трэба. Звычайна, знаёмыя, сваякі і сябры адно аднаму дапамагаюць. Толькі так", — каментуюць Еўрарадыё ў адной з кампаній.


На думку рэпетытара і выкладчыка Яўгена Лівянта, "пакупка" месца ў гімназіі праз часовую рэгістрацыю стане масавай з'явай, як гэта было напачатку 1990-х, калі тым ці іншым чынам набывалі прапіску ля добрай школы. Падобная сітуацыя цяпер назіраецца ва Украіне і Расіі.

"Куплю… рэгістрацыю ў доме ля гімназіі. 300 долараў"

"Гэта было абсалютна прадказальна з восені 2017 года пасля таго, як загаварылі пра адмену экзаменаў у гімназію, — мяркуе Лівянт. — Я заўсёды казаў, што нас чакае вяртанне бізнеса 90-х — продаж рэгістрацыі. Калі тады гэта было неафіцыйна, то цяпер — цалкам афіцыйна. Здаеш пакой, плаціш падаткі, рэгіструеш. Гэтаму нельга супрацьстаяць. І гэта будзе паўсюдна. У ментальнасці беларускага народа закладзена, што дзецям трэба даць добрую адукацыю. Адным з элементаў гэтага з'яўляецца навучанне ў добрых школах. Таму жарсці будуць разгарацца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі