Квэст у "Е-Сіці" для калясачніка: хочаш у туалет — едзь на інфацэнтр па ключ
Спецыяльны туалет у барысаўскім "Е-Сіці" замкнёны на ключ / unsplash.com
У гіпермаркеце "Е-Сіці" ў Барысаве людзі з абмежаванымі магчымасцямі вымушаныя звяртацца да адміністрацыі крамы па ключ, каб трапіць у закрыты туалет. Чалавеку, які з цяжкасцю перасоўваецца і вельмі хоча па патрэбе, паездка да інфацэнтра і назад наўрад ці даставіць задавальненне.
Еўрарадыё патэлефанавала на гарачую лінію "Е-Сіці". Зачыненне прыбіральні ў гандлёвым цэнтры на Гагарына, 107 тлумачаць праблемай з непажаданымі наведвальнікамі.
— Па гэтым гандлёвым аб'екце на ўзроўні кіраўніцтва было прынята рашэнне, што ключ будзе знаходзіцца менавіта на інфацэнтры для таго, каб гэтым санпакоем не карысталіся людзі без пэўнага месца жыхарства. Не ладзілі там начлежкі, то-бок час для перасыпання. Калі ласка, звяртайцеся, ключ будзе выдадзены без усялякіх праблем, — запэўніваюць Еўрарадыё ў кол-цэнтры.
Але такі метад барацьбы з аматарамі пераначаваць у туалеце стварае праблемы для тых, хто наведвае прыбіральню па непасрэдным прызначэнні.
— Я разумею. Але я думаю, вам не вельмі будзе прыемна заходзіць у санпакой, калі ён запэцканы фекаліямі. Такія выпадкі былі, — кажа аператар.
Ці можна захаваць парадак іншымі спосабамі — напрыклад, усталяваннем відэакамеры ля ўвахода або каб паблізу быў чалавек з ключом? Дзяўчына на лініі такія варыянты адкідае.
— Ну прабачце, у нас арганізацыяй не прадугледжаны швейцар на ўваходзе ў туалет. У кампаніі такая штатная адзінка не прадугледжаная.
Чаму не зачыняюць звычайныя туалеты? Там для ахвотных паспаць не так камфортна, як у спецыяльных?
— Вы зразумейце: у гэтай сітуацыі там [у звычайных туалетах. — Еўрарадыё] паток людзей абсалютна іншы. А тут пакой зачыняецца, і ён абсталяваны зусім па-іншаму. Людзі звярталіся па пытаннях пра тое, што там брудна і запэцкана прадуктамі жыццядзейнасці. Даходзіла да таго, што там распівалі спіртныя напоі. Ужо проста стаміліся змагацца з гэтым, і ніякага выйсця з гэтай сітуацыі няма.
Па словах супрацоўніцы кол-цэнтра, у гэтым выпадку магчымае толькі такое рашэнне праблемы. Але калі з'явяцца ідэі пра тое, як вырашыць пытанне па-іншаму, то грамадзяне могуць агучыць іх, патэлефанаваўшы на гарачую лінію "Еўраопта" па тэлефоне +375 44 788 88 80.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.