У Беларускім таварыстве інвалідаў збанкрутавала восьмая частка прадпрыемстваў

Чалавек з інваліднасцю, ілюстрацыйнае фота

Чалавек з інваліднасцю, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Беларускім таварыстве інвалідаў (БелТІ) збанкрутавала і ліквідаваная восьмая частка прадпрыемстваў, піша сайт "Беларусы і рынак".

Цяпер у эканамічных судах разглядаюцца заявы пра вымушанае банкруцтва дзвюх фірмаў Беларускага таварыства інвалідаў — "Этас" і "Холадсервіс".

За 2021-2023 гады былі ліквідаваныя пяць прадпрыемстваў БелТІ — "Машэкатэхпрам", "Белінвелс", "Магналіт", "ЦеплаЭнергаСувязь" і "МСС". Разам з дзвюма новымі кампаніямі яны складаюць амаль восьмую частку ўсіх вытворчых адзінак БелТІ. У сваю лепшую пару ўсе гэтыя прадпрыемствы разам забяспечвалі прыкладна пятую частку працоўных месцаў таварыства.

Напрыклад на "Этасе" больш за 200 чалавек займаліся будаўніча-мантажнымі і рамонтнымі работамі. Прадпрыемства адзначылася будоўлямі на пляцоўках кампаній "Савушкін прадукт", "Бабушкіна крынка", а таксама на "Пінскдрэве" і "Рэчыцадрэве".

Банкруцтва прадпрыемстваў стала вынікам санкцый уведзеных пасля 2020 года, адзначаюць на "Беларусах і рынку". Бюджэтныя рэсурсы былі накіраваныя на іншыя патрэбы. І сістэма падтрымкі БелТІ, выбудаваная ў савецкі час, пачала развальвацца.

Паведамляецца, што летась у сістэме БелТІ з'явіліся... 4 новыя працоўныя месцы. На ўсіх працаўладкавалі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У 2022-м такіх новых працоўных месцаў было 10.

У цэлым у Беларусі колькасць людзей з інваліднасцю летасць павялічылася на прыкладна 400 чалавек і набліжаецца да паўмільёна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі