Квіткі на хатнія матчы БАТЭ прадаюць нават у Вільні
Усе квіткі на тры хатнія матчы Лігі чэмпіёнаў ФК БАТЭ прададзеныя за 40 хвілін. Гэты факт абурыў многіх заўзятараў, бо незразумела, як дзве касы за такі час паспелі рэалізаваць больш за 10 тысяч квіткоў. Пры гэтым прадавалі не больш, як па два ў адны рукі. Адзін са сталых наведвальнікаў матчаў барысаўчан нават напісаў адкрыты ліст да кіраўніцтва клуба — просіць распавесці, колькі квіткоў было выкінута ў вольны продаж, а колькі аддадзена уладальнікам абанементаў ды прадпрыемствам для безнаяўнага набыцця.
“Я ж думаю, гэта не сакрэтная інфармацыя і адказ які-небудзь будзе”, — выказвае спадзяванні аўтар ліста Юрый.
Але кіраўніцтва ж БАТЭ сёння вылецела ў Германію і размаўляць “па роўмінгу” адмаўляецца. Астатнія супрацоўнікі клуба не жадаюць каментаваць сітуацыю без дазволу адміністрацыі. Таму адказы на пытанні Юрыя пакуль павіслі ў паветры. Кампанія Ticketpro, якая прадавала квіткі, прызналася, што ім на рэалізацыю аддалі толькі… 500 штук.
Тым часам у інтэрнэце з’явілася нямала прапановаў па продажы абанементаў і асобных квіткоў на матчы барысаўчан. Вось толькі кошты цяпер падскочылі ў некалькі разоў.
“Квіткі набываў па абанеменце ў касах Барысаў-Арэны, — прызнаецца адзін з такіх прадаўцоў пакетаў 2-й катэгорыі. — Можна было набыць па два камплекты на кожны абанемент. Адзін набыў сабе, а другі — каб прадаць. Кажу, як ёсць — што хаваць. Прадаю метадам аўкцыёну. Пакуль апошняя цана — 4,2 мільёна за два пакеты на ўсе тры матчы”.
Афіцыйна пакет 2-й катэгорыі каштаваў 800 тысяч, то бок хлопец ужо наварвае на кожным камплекце па 1,3 мільёна рублёў. Іншы прадавец таксама не цураецца сур’ёзнага “навару”, хоць і прыкрывае яго аб’ектыўнай прычынай:
“Квіткі набываў уладальнік абанементу пры мне на Барысаў-Арэне. Я бяру 950 000 за два квіткі на матч БАТЭ-Баер. Накідваю грошы, каб вярнуць частку грошай, якія заплаціў уладальніку абанемента, які мне і набыў квіткі”.
Перакупшчыкі знайшліся нават у Вільні. Літовец спрабуе прадаць адразу некалькі квіткоў на асобныя матчы, тлумачыць, што даўні заўзятар БАТЭ, але трапіць на гульню не атрымаецца:
“Ужо не ў першы раз паеду, летась быў на гульнях абодва разы. Набыў абанемент, але здолею убачыць толькі гульню з Барселонай, бо буду за мяжой падчас іншых гульняў”.
Аматар барысаўчан Юрый без квітка, прызнаецца, што, калі БАТЭ ўпершыню выйшлі ў Лігу Чэмпіёнаў, ён набываў праходкі на матчы ў пяць разоў даражэй за намінал. Але сёлета падумае, ці варта гэта рабіць.
“Я спадзяюся, што яшчэ з’явіцца пэўная колькасць квіткоў, бо звязвацца з перакупамі не жадаю, я хачу узяць квіткі менавіта ў клуба, — тлумачыць Юрый. — Але, калі раптам не атрымаецца, то прымаць рашэнне буду ў дзень матча. Не раз ужо такое было: перакупы завышалі кошты, а ў дзень матча былі вымушаныя прадаваць квіткі ніжэй намінала”.
Нагадаем, сёлета кіраўніцтва БАТЭ прыняло рашэнне, што квіткі на матчы Лігі чэмпіёнаў будуць рэалізоўвацца ў першую чаргу сярод уладальнікаў абанементаў на наведванне матчаў клуба. Па дадзеных Еўрарадыё, абанементаў на руках каля 2500. Улічваючы, што прадавалася па два квіткі на асобу, то пяць з больш чым дзесяці тысяч стадыённых месцаў былі аддадзеныя абанементнікам. 500 — раскупілі за 40 хвілін у вольным продажы. Астатнія 4,5 тысячы, за выключэннем невялікай броні для UEFA ды гасцявой каманды, відаць, пайшлі спонсарам ды буйным прадпрыемствам праз прафсаюзы. Пытанне, ці не атрымаецца так, што квіткі ўсе распрададзеныя, а стадыён будзе на палову пусты, бо супрацоўнікі гэтых прадпрыемстваў не папруцца на ноч гледзячы ў Барысаў.